Вул.Савецкая, 42

Будынак трохпавярховы, Т-падобнай канфігурацыі ў плане. Асноўны фасад, які выходзіць на вул. Савецкую, сіметрычна аформлены двума шырокімі рызалітамі, на якіх галоўнымі архітэктурнымі дамінантамі выступаюць вузкія высокія (праз другі і трэці паверхі) аконныя праёмы (на левым рызаліце – два), якія дзеляцца вертыкальна на дзве часткі паўкалонай з базай і капітэллю, стылізаванай у традыцыях архітэктуры Старажытнага Егіпта. Такія ж капітэлі вянчаюць невялікія паўкалоны паміж падвоенымі па прынцыпе біфорыума арачнымі вокнамі другога паверха. Сцены першага паверха апрацаваны рустам, аконныя праёмы,  таксама арачнай формы, аформлены замкавымі камянямі. Вокны трэцяга паверха маюць простае прамавугольнае абрамленне. Першы паверх аддзяляецца ад другога прафіляванай цягай, пад дахам – пояс з рэдка размешчаных дэнтыкул. Фасад, які выходзіць на праспект Перамогі, працягвае дэкор і рытмічнасць аконных праёмаў галоўнага фасада да перахода да сучаснай прыбудовы.  Дах металічны, складанай формы.

У афармленні экстэр’ера помніка дамінуючыя рысы класіцызму спалучаюцца з асобнымі элементамі раманскага стылю. 

Забудова вуліцы Савецкай адбывалася ў некалькі этапаў. Да Вялікай Айчыннай вайны на ёй захоўвалася вялікая колькасць будынкаў XIX – пачатку ХХ стагоддзя, асабліва ў частцы, набліжанай да гістарычнага цэнтра. Далей ад яго, на месцы шараговай забудовы ўскраін узводзіліся новыя дамы жылога і сацыяльнага прызначэння. У пачатку 1930 г. Прэзідыум гарсавета даручыў акруговаму інжынеру Шабунеўскаму С.Д. у 10-дзённы тэрмін распрацаваць праект лазні і пральні для горада з выбарам месца для пабудовы. Неўзабаве «Палеская праўда» напісала аб зацвярджэнні праекта. Лазня і пральня былі збудаваныя на рагу вуліц Савецкай і Паштовай (з 1957 г. – вуліца Перамогі) па апошнім слове тэхнікі, адначасова ўстанова магла прыняць 250 чалавек. 

Шабунеўскі С.Д. спраектаваў трохпавярховы будынак ў стылі канструктывізму, фланкіраваўшы яго двума рызалітамі, што сіметрычна адлюстроўвалі адзін аднаго. Можна меркаваць, што першапачаткова дом быў у плане строга сіметрычны. Фотаздымак з фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” сведчыць, што ў 1937-38 гг. да асноўнага аб’ёму былі прыбудаваны яшчэ два: з боку двара і ўздоўж вул. Паштовай. Пры гэтым сіметрыя фасада па вул. Савецкай была парушана. 

У перыяд ВАВ будынак пацярпеў і быў адноўлены ў 1950 г. з выкарыстаннем элементаў арт-дэко. З таго часу ён знаходзіўся на балансе прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У памяшканнях першага паверха знаходзяцца крамы і кафэ. 

85ccbb4f8500af552d5bb77764287313

На рагу вуліц Савецкай і Паштовай (зараз – праспект Перамогі). Будынак лазнева-пральнага комплекса. Здымак пачатку 1930-х гг. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.

IMG_4265

На рагу вуліцы Савецкай і праспекта Перамогі. Будынак па вул. Савецкай, 42. Здымак 2010 г.