Вул.Савецкая, 10

Будынак № 10 па вул. Савецкай уяўляе сабой 3-павярховы складаны ў плане аб’ём з лесвічнай клеткай, якая размешчана па цэнтры. Галоўны фасад раздзелены карнізнымі паясамі і лапаткамі (з рабрыстых квадратаў – на першым паверсе, з філёнгавых з разеткамі – на другім), якія пераходзяць на трэцім паверсе ў падвоеныя паўкалоны. Парныя арачныя вокны другога паверха аздоблены ліштвамі з наборнымі калонкамі і клінчатым рустам скляпення. Паміж ліштвамі – рэльефы дзіцячых галовак на круглых медальёнах. Парныя элептычныя арачныя вокны трэцяга паверха маюць наборную ліштву з дробных кубоў і каронападобнае завяршэнне. Паміж імі – ляпныя ромбападобныя элементы.

Карніз на першым паверсе ўтвораны стужкай дэнтыкул, на другім – шматслойны, з дэнтыкуламі, стрэльчатай аркатурай, на трэцім – складаны, з выкарыстаннем разнастайных дэталяў. На даху – парапетныя слупы, аб’яднаныя металічнай агароджай. Яны вянчаюць лапаткі і дэкарыраваны разеткамі. Два слупы ў цэнтры злучаны перамычкай, што ўтварае атык, упрыгожаны зоркападобная разеткай са скразной люкарнай, два прамяні якой разыходзяцца ўніз.

Вітрынныя вокны, уваход у пад’езд і праём для праезду ў двор (усё – арачнай формы) аформлены шырокім клінчатым рустам з замкавым каменем. На трэцім паверсе сіметрычна цэнтральнай вертыкальнай восі будынка размешчаны два балконы, аздобленныя металічнымі каванымі агароджамі. Унутраная планіроўка анфіладная. Фасад з боку двара аформлены рызалітам з арачным поясам з парэбрыкаў і ўвенчаным трохвугольным франтонам, двума вялікімі прыбудовамі і двума меншымі, якія ўтвараюць своеасаблівыя балконы.

Злучэнне ў знешнім выглядзе будынка элементаў так званага “рускага стылю”, матываў барока і мадэрна дазваляе аднесці яго да ўзораў архітэктуры эклектызму.

Будынак № 10 па вул. Савецкай адносіўся да тыпу даходных домоў. Кватэры размяшчаліся на 2-м і 3-м паверхах, а на 1-м – канторы гандлёва-прамысловых прадпрыемстваў, крамы. Абмерныя чарцяжы, зробленыя нямецкімі ваеннапалоннымі пасля вызвалення Гомеля, дазваляюць дакладна датаваць помнік 1894 г. (лічба на металічнай агароджы, якая не захавалася). Пасля рэвалюцыі нейкі час дом выкарыстоўваўся для размяшчэння цэнтральнага піянерскага клуба (1927 г.). У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак значна пацярпеў, у 1951 г. ён быў адноўлены. Нягледзячы на сур’ёзныя ўнутраныя пашкоджанні, знешні вобраз дома ў асноўным захаваўся.

Цяпер на першым паверсе дома знаходзяцца крама, кафэ, другі і трэці паверхі – жылыя.

 10-1.jpg

Вул. Савецкая, дом №10. Абмерныя чарцяжы 1940-х гг., зробленыя нямецкімі ваеннапалонымі пасля вызвалення Гомеля. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.

 10-2.jpg 

Вул. Савецкая, дом №10. Здымак 1971 г.

 10-3.jpg

Вул. Савецкая, дом №10. Здымак 2010 г.