пр. Леніна, 12

Забудова пр. Леніна
г. Гомель, пр. Леніна, 12

Будынак уяўляе сабой 4-павярховы аб'ем прамавугольны ў плане. ен злучаны з суседнім дамам №14 парталам вышыней у два з паловай паверха, да якога вядзе каланада. Партал афомлены арачным праходам, па баках ад якога змешчаны круглыя медальены з рэльефнымі снапамі калосся. Фасады атынкаваныя, галоўны фасад прафіляваным карнізам (пад вокнамі 2-га паверха) падзелены на два ярусы. У дэкоры выкарыстана стылізацыя класіцыстычных матываў у выглядзе рытмічна распрацаваных дэталяў.

Першы ярус апрацаваны гарызантальным рустам. Цэнтральны праем уваходных груп рызалітаў аформлены парталам з карынфскімі калонамі і прамавугольным антаблементам, над бакавымі ўваходамі змешчаны медальены з ральефамі вазонаў. Сегментныя арачныя вітрынныя вокны першага паверха вянчаюць замкавыя камяні.

Пластычнасць кампазіцыі фасада надае шэраг раскрэпаваных рызалітаў. Чатыры рызаліты меньшай глыбіні афармляюць уваходныя групы ніжняга яруса. Іх цэнтральныя часткі ўтвараюць глыбокія нішы, аздобленыя арачнымі сафітамі з кесонамі і рэльефнымі букетамі пад імі, лоджыямі з балюстрадамі. Восі сіметрыі магутных бакавых рызалітаў вылучаны трохвугольнымі атыкамі (карніз з беларускай арнаментыкай), на верхнім ярусе – балконамі (арачныя ўваходы, дарычныя пілястры, карнізы, люнеты з сегментаваным арнаментам), і трохсценнымі эркерамі (на 3-ім паверсе – круглыя медальены з савецкай сімволікай). 

Раскрэпаваныя часткі ўсіх рызалітаў аформлены прамавугольным неглыбокім рустам, іх вянчаюць прафіляваныя карнізы і прамавугольныя  атыкі з пілонамі-акратэрыямі. Паўкруглыя балконы 3-4-га паверхаў абапіраюцца на паўцыркульныя мадульены з акантаў. 

Праспект Леніна (з 1960 г., а раней – вуліца Замкавая (канец XIX ст.), Луначарскага (з 1923 г.), Камсамольская (з 1930-х гг.)) з'яўляецца параднай магістраллю Гомеля. У гады Вялікай Айчынай вайны яна была амаль цалкам зруйнавана. Новая забудова ўтварыла даволі цэласны архітэктурны ансамбль. Адным з узораў таго часу з'яўляецца жылы дом №12, з убудаванымі на першым паверсе аб'ектамі сацыяльнага прызначэння, узведзены для завода Гомсельмаш. Аўтар праекта – народны архітэктар СССР Кароль Уладзімір Адамавіч (1912 – 1980 гг). Будаўніцтва было завершана ў 1952 г.

image001.jpgПраспект Леніна, дом №12. Здымак 1952 г.

image002.jpgПраспект Леніна, дом №12. Здымак 2012 г.

image003.jpgПраспект Леніна, дом №12. Здымак 2023 г.