Вул.Савецкая, 28
Развіццё крыдытнай сістэмы значна паўплывала і на жыццё, і на знешні выгляд гарадоў Расійскай імперыі. Адмена прыгоннага права і, асабліва, будаўніцтва чыгунак ажывіла гаспадарчае жыццё Гомеля. Наяўнасць паўнавартаснай фінансавай установы стала надзённай патрэбай для горада, што паспрыяла адкрыццю ў Гомелі першага мясцовага, уласна беларускага банка. Указ Сената аб заснаванні Гарадскога грамадскага банка быў падпісаны 8 студзеня 1870 г. Капітал банка ствараўся са сродкаў гарадскога бюджэта, спецыялізацыя – фінансаванне горадскога будаўніцтва. Адзначым, што Дзяржаўны банк з правам выдаваць камерцыйныя пазыкі адкрыўся ў імперыі ўсяго за 10 год да гэтага.
У канца XIX ст. Гомель стаў буйным крэдытным цэнтрам. Цэнтральную вуліцу ўпрыгожылі некальнікі банкаўскіх будынкаў, сярод якіх – філіял Арлоўскага камерцыйнага банка (заснавальнік – Л.С. Палякоў, вядомы расійскі банкір). Пабудаваны на рагу вуліц Румянцаўскай (зараз – Савецкай) і Ірынінскай ў 1901 г. па праекце С.Д. Шабунеўскага. У 1908 г. будынак фармальна памяняў сваіх уладальнікаў у выніку зліцця трох банкаў з групы Л.С. Палякова. Новы Аб’яднаны банк фінансаваў прамысловасць. У 1910 г. яго суседам у будынку стаў Гарадскі грамадскі банк. Такое становішча захоўвалася да 1917 г.
Пасля 1917 г. у будынку «былога гарадскога банка» размясціліся праўленне і крамы губернскага спажывецкага таварыства. У гады ВАВ дом быў разбурана. У 1948 г. яго аднавілі ўжо як будынак Гомельскага аблвыканкама, надбудаваўшы пры гэтым трэці паверх. Пасля ўзвядзення новага будынка для аблвыканкама (пр. Леніна,1970 г.), у доме па вул. Савецкай, 28 былі размешчаны іншыя абласныя ўстановы і арганізацыі. Такое становішча захоўваецца і сёння.
Будынак былога Арлоўскага банка ўяўляе сабой Г-падобны ў плане 3-павярховы (раней – 2-павярховы) аб’ём з асіметрычным прасторавым ладам са значным развіццём уздоўж вуліцы Ірынінскай. Афармленне будынка адпавядае стылю гістарызм, папулярнаму ў пачатку ХХ ст.
Фасад вуглавой часткі з арачным франтонам выступае архітэктурнай дамінантай. Зграбнасці надаюць пілястры з рустам, парадны ўваход з порцікам дарычнага ордэра. Дадатковым акцэнтам і элементам раўнавагі кампазіцыі выступае вежа з купалам, што доўгі час падпарадкоўвала сабе прастор 2- і 3-павярховай забудовы, у акружэнні якой знаходзілася. Тэму аркі развіваюць нішы на два паверхі, фланкіраваныя пілястрамі з рустам (з боку вул. Ірынінскай на вуглавой частцы) і карынфскага ордэра (па вул. Савецкай), скразны люнет на мансардзе.
Вертыкальны падзел фасада па вул. Ірынінскай вызначаны пілястрамі – з буйным рустам між вокнамі (на першым паверсе ён пераходзіць і на сцены) і з дробным рустам для абмежавання рызалітаў (яшчэ адзін вертыкальны акцэнт) з балконамі. Пры значнай даўжыні франтальны фасад захаваў адзінства з цэнтральнай часткай праз варыяцыі элементаў дэкору.
Фасад па вул. Савецкай мае больш стрыманую пластыку – пілястры з рустам фланкіруюць толькі больш шырокія аконныя праёмы, крыху перайначана аздабленне вокнаў.
На рагу вуліц Савецкай і Ірынінскай. Будынак філіяла Арлоўска банка. Паштоўка пачатку ХХ ст.
На рагу вуліц Савецкай і Ірынінскай. Будынак Гомельска аблвыканкама. Здымак з альбома “Гомель в фотоиллюстрациях”, 1961 г.