Вул.Савецкая, 21
Стылістыка гарадской забудовы ў сярэдзіне ХХ ст. была падпарадкавана ідэі ансамблевасці, што асабліва прасочвалася на цэнтральных вуліцах. Пры будаўніцтве выкарыстоўваліся індывідуальныя праекты на аснове тыпавых секцый, што маскіравалася пластычнымі рашэннямі фасадаў. Стыль, які ў гэты час замацаваўся ў архітэктуры жылой забудовы, атрымаў назву гістарызм.
4-павярховы жылы дом №21 па вул. Савецкай удала ўпісаўся ў ансамблевую забудову цэнтральнай вуліцы горада. Разам з суседнім домам № 19 ён абмяжоўвае агульны ўнутраны двор, уваход у які аформлены параднымі каванымі варотамі. Будынак П-падобны ў плане, складаецца з цэнтральнага аб’ёма, фланкіраванага сіметрычнымі бакавымі рызалітамі.
Трох’ярусны падзел фасадаў цэнтральнага аб’ёма паступова палягчае сцяну ўверсе. Верхнія ярусы вырашаны з выкарыстаннем ордэрнай і дэкаратыўнай пластыкі. Асноўны акцэнт – аздабленне балконаў другога яруса з выкарыстаннем глухіх люкарнаў, апраўленых стужкавым раслінным арнаментам, пілястраў карынфскага ордэра, фігурных мадульёнаў, каваных агароджаў. Рустоўка ніжніх ярусаў – на другім ярусе больш тонкая, чым на першым – падкрэслівае імкненне да палягчэння сцяны фасада. Дэкор фасадаў рызалітаў пабудаваны на рытме буйных пластычных элементаў (балконаў з глухімі люкарнамі і ляпным дэкорам па контуры; пілястраў, на другім паверсе ўпрыгожаных медальёнамі). Асноўным акцэнтам тарцавых сцен выступае аздабленне балкона другога яруса, якое пераклікаецца з фасадам.
Завяршаецца афармленне фасадаў “карункавым” карнізам з шэрагаў дэнтыкул, караляў са шпулькамі, іонікі, шматслойных мадульёнаў з лістамі аканта, разетак паміж мадульёнамі, арнаментам у выглядзе лотаса.
У адрозненеі ад галоўнага, дваравы фасад амаль пазбаўлены аздаблення.
Дом па вул. Савецкай, 21 быў узведзены ў 1952 г., у час актыўнага аднаўлення жыллёвага фонду пасля ваеннага ліхалецця. Гомельскім архітэктарам Чарнышовым і інжынерам Пракапенкам быў распрацаваны праект 4-павярховага жылога дома на 58 кватэр для працоўных Суднарамзаводу Верхне-Дняпроўскага рачнога параходства. За аснову была ўзята тыпавая секцыя архітэктара Каміша. На першым паверсе размясціліся крама і бытавыя памяшкані, у падвале – кладоўкі, кацельня, дроўнік, пральня. У доме меліся цэнтральнае ацяпленне (хоць было і пячное), тэлефон і радыё, электрычнасць і вада, а праз нейкі час – і каналізацыя.
Спачатку дом значыўся пад №29, аднак ужо ў 1952 г. ён быў зменены на №21. На працягу ўсяго часу будынак выкарыстоўваецца як жылы дом з крамамі і бытавымі памяшканнямі на першым паверсе. Даволі доўгі час (да 1990-х гг.) тут былі абутковая крама №2, крама “Кругагляд” (кнігі і часопісы), цырульня. У 2002 г. адкрылася майстэрня па рамонце абутку, у 2007 г. – крама парфюмерна-касметычнай прадукцыі, у 2008 г. – аптэка.
Вул. Савецкая, дом № 21. Паштоўка 1960-х г.
Вул. Савецкая, дом № 21. Здымак 2014 г.