вул. Камунараў, 5

Будынак,
г. Гомель, вул. Камунараў, 5

Дом № 5 цагляны, у плане – прамавугольны, з невялікім выступам з боку дваравога фасада. Галоўны фасад падзелены на два ярусы вузкім карнізам. Дынаміку першаму ярусу (першы паверх) надае прамавугольны руст і шэраг акон, аздобленых сандрыкамі ў выглядзе веернага замка. Рытм фасада другога яруса (другі-трэці паверхі) утвараюць лапаткі з прафіляванымі карнізамі, якія групуюць вокны папарна. На трэцім паверсе сіметрычна размешчаны балконы з каванымі агароджамі. Карніз адсылае да дарычнага ордэра з яго мутуламі, трыгліфамі, метопамі і гутамі. У цэлым, сучасны выгляд будынка суадносіцца са стылем «сталінскага» класіцызму.

Вул. Камунараў сфарміравалася на пачатку XIX ст. У другой палове XIX ст. яна мела назву Мясніцкая, паколькі тут гандлявалі мясам. 6 мая 1919 г. была перайменавана ў вуліцу Камунараў, так як менавіта на ей гомельскія камунары прынялі свой апошні бой пад час стракапытаўскага мецяжу.

Архівы сведчаць, што будынак быў узведзены ў 1903 г. На пачатку ХХ ст. ен меў 2 паверхі і быў аздаблены ў так званым «цагляным» стылі. Вокны першага паверха папарна аб’ядноўвалі лапаткі з ромбападобнымі філенкамі. Паўцыркульныя вокны другога паверха былі апраўлены арачнай ліштвой з пілястрамі. Фасад меў развіты карніз у некалькі радоў дэнтыкул з аркатурай над імі. Яго завяршаў фігурны атык над галоўны уваходам.

У 1920-х гг. у будынку размяшчаўся камунальны банк. Магчыма, ен выкарыстоўваўся для патрэб крэдытнай установы і ў дарэвалюцыйны час. Аднак мог функцыянаваць і ў якасці даходнага дома. У такім выпадку афіцыйная ўстанова размяшчалася толькі на першым паверсе. Пасля Вялікай Айчынннай вайны будынак быў ўзноўлены ў 1954 г. Хутчэй за ўсе, ў гэты перыяд быў надбудаваны трэці паверх, падоўжана лінія фасада і значна зменшана архітэктурнае аздабленне, што было звязана з пачаткам барацьбы «з празмернасцямі» у 1950-х гг.

У 1954 г. будынак належаў Гомельскай абласной канторы будаўнічага банка. Есць верагоднасуь, што гэты дом часткова выкарыстоўваўся, як жылы для служчых банка. Зараз першы паверх выкарыстоўваецца як адміністрацыйнае памяшканне, на другім і трэцім размешчаны жылыя кватэры.

image003.jpgВул. Мясніцкая (Камунараў). Будынак камунальнага банка. Здымак 1920-х гг.

image004.jpgВул. Камунараў, дом №5. Здымак 2017 г.

image005.jpgВул. Камунараў, дом №5 (справа). Здымак 2023г.