Вул.Савецкая, 7
Будынак трохпавярховы, Г-падобны ў плане. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. Акцэнт у ёй нададзены цэнтралънай частцы ў выглядзе неглыбокага рызаліта з балконамі па сярэдзіне на другім і трэцім паверхах, атыкам трохвугольнай формы з люкарнай-разеткай і фігурнай філёнгай. Балконы фланкіраваны дзвюма шырокімі лапаткамі з гарызантальным рустам, на плоскасці якіх размешчаны прамавугольныя вокны са сціплымі прафіляванымі падваконнямі з дэнтыкуламі. Над вокнамі трэцяга паверха цэнтральнай часткі праходзіць прафіляваная цяга, якая над дзвярным праёмам балкона ўтварае арку з замковым камянём. Абапал цэнтралънай часткі знаходзяцца рады прамавугольных вокнаў, якія на другім паверсе аформлены прафіляванымі ліштвамі і разбіты балконамі. Сцены першага паверха, у цэнтры якога знаходзіцца галоўны ўваход у будынак, апрацаваны неглыбокім рустам. Пад дахам праходзіць прафіляваны карніз з дэнтыкуламі. Інтэр’еры помніка асобнай каштоўнасці не ўяўляюць.
Вуліца Савецкая (да 1919 г. – вул. Румянцаўская) – адна са старэйшых магістраляў Гомеля. У канцы XIX-пачатку XX стст. яна становіцца галоўнай вуліцай горада, на якой канцэнтравалася яго асноўнае прадпрыймальніцкае і грамадскае жыццё. Многія дамы на ёй будаваліся як даходныя, дзе першы паверх займалі гандлёва-гаспадарчыя прадпрыемствы, а памяшканні астатніх паверхаў здаваліся ўнаём як кватэры. Да ліку такіх дамоў адносіўся і будынак з сучасным адрасам вул. Савецкая, 7. Фотаздымкі пачатку XX ст. і тыя, што былі зроблены пасля вызвалення Гомеля ад фашысцкіх захопнікаў, сведчаць аб тым, што першапачаткова ён быў двухпавярховым. Увесь першы паверх быў заняты разнастайнымі крамамі і канторамі, на другім размяшчаліся кватэры. Экстэр’ер будынка з боку Румянцаўскай істотна адрозніваўся ад сучаснага і меў сціплы дэкор (пояс з дэнтыкулаў пад дахам, арачныя сандрыкі над вокнамі другога паверха). У цэнтры фасада знаходзіўся скразны праезд у двор. Падчас пасляваеннай рэканструкцыі дома, якая скончылася ў 1953 г., ён быў надбудаваны трэцім паверхам і набыў дэкаратыўныя элементы стылю класіцызм. У 1995 г. да асноўнага аб’ёму з боку двара была зроблена прыбудова.
Пасля вайны будынак належыў спачатку фабрыцы “Камінтэрн”, потым аб’яднанню “Гарант”, з 1995 г. – ААТ "Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”.
Вул. Савецкая, дом №7 Здымак 1940-х гг. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.
Вул. Савецкая, дом №7(першы злева). Здымак 1985-87 гг.