Да зместу
Шрыфт
Колер
Графіка
Кернінг
Інтэрвал
Гарнітура

Вул.Савецкая, 58

Будынак трохпавярховы, трохпад'ездны, П-падобны ў плане. Парадныя пад'езды на вулічных фасадах адсутнічаюць. Па цэнтры фасада з боку вул. Савецкай раней размяшчаўся скразны праход у двор. Пабудаваны па праекце паўторнага прымянення. Стыль – нэакласіцызм, ці «сталінскі ампір».

Плоскасці фасадаў першага паверха і цалкам вуглавых частак дэкарыраваны рустам. Праз вуглавыя ўваходы ажыццяўляецца доступ у памяшканні грамадскага прызначэння, размешчаныя на першым паверсе і вылучаныя на фасадзе вокнамі-вітрынамі. Першы паверх ад другога адасоблены прафіляванай цягай. Вокны другога паверха маюць прафіляваныя ліштвы, якія чаргуюцца з больш ўскладненым варыянтам – з рустам і замкавым каменем. Пры гэтым апошні варыянт з боку вул. Савецкай дадаткова вылучаецца прамавугольнымі сандрыкамі. Усе вокны другога паверха дэкарыраваны ляпнымі філёнгамі з разеткай. Вокны трэцяга паверха маюць прафіляваныя падваконнікі на кранштэйнах-кубах. Выхады на балконы трэцяга паверха, а таксама вокны вуглавых частак вылучаны двухсхільнымі сандрыкамі. Балконныя пліты з прафіляванымі тарцамі ў плане маюць форму трылісніка, балконы аздоблены каванымі парэнчамі.

Будынак апярэзвае прафіляваны карніз з дэнтыкуламі. Вуглавыя часткі дома вылучаны атыкамі, у цэнтры якіх – круглае акно ў ляпной ліштве. Разарваны франтон трымаюць пілястры з рэльефам з раслінных матываў. Па баках да атыка прымыкаюць S-падобныя элементы, якія ляжаць на прамавугольнай аснове з філёнгай. Дах будынка мае металічную агароджу, якая з боку вул. Савецкай у цэнтры фасада пераходзіць у парапет, дэкарыраваны шасцю ляпнымі "шышкамі"-"фіяламі".

Вул. Савецкая (былая Румянцаўская) – адна з галоўных магістраляў Гомеля. Яна сфарміравалася ў другой палове XІX–пачатку XX стст., калі становіцца галоўнай вуліцай города. 2-3-х-павярховыя даходныя дамы належалі прыватным асобам і, акрамя жылля гаспадароў, змяшчалі гандлёва-гаспадарчыя ўстановы на першым паверсе, а памяшканні астатніх паверхаў здаваліся ўнаём як кватэры. У самым канцы вуліцы знаходзіліся аднапавярховыя прыватныя драўляныя дамы.  

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны на месцы, дзе размяшчаецца будынак №58 на вуліцы Савецкай, знаходзіўся аднапавярховы драўляны будынак, а таксама пачыналася дыяганальна Савецкай вуліца Мікалаеўская (зараз вуліца Дакутовіч). У 1953 г. на гэтым месцы быў пабудаваны трохпавярховы жылы дом. Першапачаткова ён меў № 110. У 1950-70-я гг. дом належаў Мелькамбінату №8. З 1953 г. і па сённяшні час на першым паверсе размяшчаецца аптэка. Акрамя таго, зараз на першым паверсе размяшчаюцца і іншыя ўстановы, а другі і трэці паверхі з’яўляюцца жылымі. 

На углу улиц Советской и Рогачевской. Здание по ул. Советской, 58. Фото 1958 г. Из фондов музея ГИКУ “Гомельский дворцово-парковый ансамбль”.


На рагу вуліц Савецкай і Рагачоўскай. Будынак па вул. Савецкай, 58.  Здымак 1958 г. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.


На рагу вуліц Савецкай і Рагачоўскай. Будынак па вул. Савецкай, 58.  Здымак 1960-х гг.