Да зместу
Шрыфт
Колер
Графіка
Кернінг
Інтэрвал
Гарнітура

Вул.Савецкая, 17

Будынак размешчаны на рагу вул. Савецкай і Сялянскай і ўяўляе сабой 3-павярховы Г-падобны ў плане аб’ём. Аздабленне фасада вырашана ўрачыста. Сцены першага паверха апрацаваны рустам. Кампазіцыю фасада другога і трэцяга паверхаў утварае вертыкальны рытм лапатак (з разеткамі з 5-канцовымі зоркамі на мяжы паверхаў па вул. Сялянскай і маскаронамі ў картушах на ўзроўні трэцяга паверха па вул. Савецкой) і прамавугольных аконных праёмаў. Прасценкі паміж парамі вокнаў трэцяга паверха на фасадзе з боку вул. Савецкай аформлены ў выглядзе герм на плоскім пастаменце. Пад карнізам і паміж другім і трэцім паверхамі – паясы ляпных рэльефаў класіцыстычнай арнаментацыі. Зрэзаная вуглавая частка падкрэслена на бакавых фасадах неглыбокімі рызалітамі, фланкіравана на другім і трэцім паверхах канеліраванымі паўкалонамі з карынфскімі капітэлямі і завяршаецца складаным атыкам. Парадны ўваход з боку Сялянскай вылучаны рызалітам. Дзвярны праём абрамляюць паўкалоны са стылізаванымі іанічнымі капітэлямі. На другім паверсе над ім знаходзіцца балкон з металічнай рашоткай, уваход на які апраўлены парталам з парай іанічных калон і трохвугольным франтонам. Аналагічна аформлены балкон і на зрэзанай вуглавой частцы. Карніз пад дахам мае складаны профіль і дэкарыраваны дэнтыкуламі і мадульёнамі. Унутраная планіроўка анфіладная.

Вуліца Савецкая (да 1919 г. – вул. Румянцаўская) у другой палове XIX - пачатку XX стагоддзя становіцца галоўнай вуліцай города, на якой сканцэнтравалася яго прадпрымальніцкае і грамадскае жыццё. Дом № 17 быў узведзены па праекце гомельскага архітэктара С.Д. Шабунеўскага ў 1912 г. па замове купца І.В.Дамброўскага, якому і належыў. На першым паверсе памяшканні арэндавалі мясцовыя прадпрымальнікі: Х.Розін (галантарэйная крама), Л.Габрыелаў (гандаль зброяй, музычнымі інструметамі і інш.), Дубнаў (аптэка), на другім і трэцім – размясцілася Гомельскае аддзяленне Віленскага камерцыйнага банка.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. будынак быў нацыяналізаваны, у ім размяшчаліся разнастайныя адміністрацыйныя ўстановы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён адносна добра захаваўся, аб чым сведчаць фотаздымкі і абмерныя чарцяжы, якія былі зроблены пасля вызвалення горада ў 1943 г. У 1947 г. помнік быў адноўлены, а потым дабудаваны з боку вул. Савецкай. У 1975 г. будынак быў падоўжаны і па вул. Сялянскай, дзе быў разабраны дом № 14, які прымыкаў да яго. Галоўныя фасады гэтых прыбудоў былі аформлены з захаваннем стылістыкі і кампазіцыйнай пабудовы гістарычнага аб’ёму. У пасляваенны час у будынку ў розныя часы знаходзіліся Гомельскі абкам КПБ, ЛКСМБ, гарвыканкам. Зараз у ім размяшчаюцца ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, упраўленне гандлю і паслуг Гомельскага гарвыкакама, архіў, рэстаран.   

Вул. Румянцаўская (зараз – Савецкая). Даходны дом І.М. Дамброўскага з аддзяленнем Віленскага банка. Паштоўка пач. ХХ ст.


Вул. Савецкая. Адноўлены будынак №17. Здымак кан. 1940-х гг.

Вул. Савецкая. Будынак №17. 2011 г.