Вул.Савецкая, 30
Будынак мае складаную канфігурацыю і уяўляе сабой кампазіцыю 4-павярховага аб'ёма з 5-павярховай (за лік мансарды) вуглавой часткай, што надае фасадам асіметрычную пабудову. Рытм фасад бакавога аб’ёма з боку вул. Савецкай стварае чаргаванне неглыбокіх ніш з вертыкаллю аконных праёмаў, аб’яднаных агульнай прамавугольнай прафіляванай ліштвой, і лесвічнай клеткай са стужкавым шкленнем, якая візуальна падоўжана мансардай з квадратным акном пад замкавым каменем. Ідэю ўзаемапранікнення знешняга і унутранага падтрымліваюць балконы, аздобленыя бетоннымі філянговымі агароджамі. На мяжы аб’ёма – парапет у выглядзе бетоннай балюстрады з тумбамі. Фасад большай часткі будынка аформлены з выкарыстаннем тых жа пластычных элементаў, балконы чаргуюцца з лоджыямі. Міжвокнавая прастора верхніх паверхаў дэкаравана фрызавымі элементамі нізкага рэльефу з беларускай арнаментыкай. Першы паверх выдзелены рустам і вітрынннымі вокнамі гандлёвых устаноў.
У 1920-30-я гг. у архітэктуры быў пашыраны стыль канструктывізму. У гэты перыяд у Гомелі было ўзведзена некалькі забудоў з відавочнымі рысамі гэтага стылю, сярод ix дом па адрасе Савецкая, 30 (раней Савецкая, 56). Ен выконваў функцыю жылой пабудовы, на ніжніх паверхах якой размяшчаліся ўстановы сацыяльна-культурнага прызначэння. У часы ВАВ дом пацярпеў, узноўлены ў 1949 г. Зараз у будынку, акрамя жылых кватэр, знаходзяцца крама "Аркада дэ Люкс", кафэ"Шакаладніца" і інш.
Вул. Савецкая, дом № 56 (зараз – №30). Праект галоўнага фасада. Канец 1950-х гг. З архіва ААТ “Гомельграмадзянпраект”.