Вул.Савецкая, 4
Будынак №4 па вул. Савецкай у Гомелі ўяўляе сабой трохпавярховы аб’ём са складанай канфігурацыяй плана. Падоўжаныя ў бок двара флангі ўтвараюць унутраны дворык з уваходнай зонай ў пад’езды.
Галоўны фасад аздоблены шыкоўна. Ён мае сіметрычную кампазіцыю, цэнтр якой вылучаецца неглыбокім рызалітам, што ўвенчаны атыкам барочнага тыпу з валютамі над карнізам. Рызаліт на першым паверсе акцэнтаваны ўваходным праёмам пад пакатым арачным скляпеннем. Абапал яго размешчаны вокны-вітрыны, прасценкі паміж якімі маюць гарызантальны руст з фігурнымі філянговымі нішамі.
Рытм другога паверха ствараюць прамавугольныя аконныя і балконныя праёмы (у рызаліце – арачныя) у прамавугольных ліштвах пад замковым камянём. Балкон на рызаліце мае ў плане выгляд трылісніка, па баках ад яго – паўцыркульныя балконы. Пад вокнамі на паглыбленых прамавугольных пано знаходзяцца ляпныя барэльефы з парамі звязаных хвастамі драконаў.
На трэцім паверсе да шэрагу прамавугольных вокнаў дапасуецца два балконы з каванымі агароджамі, арнаментаваных трэльяжам і валютападобнымі завіткамі з разеткамі. Пад карнізам праходзіць цагляны фрыз у выглядзе аркатурнага пояса з касымі крыжамі, які абапіраецца на лапаткі.
Фасад і рызаліт фланкіраваны лапаткамі з рустам. У знешнім дэкоры будынка таксама выкарыстаны прафіляваныя цягі, складаная філёнга, якая падзяляе ў рызаліце пары вокнаў другога і трэцяга паверхаў, металічныя краты (дах). Дваравыя фасады аздоблены сціпла: дэнтыкулы пад дахам, парэбрык, прафіляваныя цягі. Інтэр’еры помніка асобнай каштоўнасці не ўяўляюць.
Злучэнне ў экстэр’еры элементаў т. зв. “рускага стылю”, матываў барока і мадэрну дазваляе аднесці дом №4 па вул. Савецкай да архітэктуры эклектызму і датаваць мяжой XIX-XX стагоддзяў. Быў пабудаваны ў якасці даходнага дома гомельскага купца Якава Лаўянава. Кватэры размяшчаліся на 2-м і 3-м паверхах, а на 1-м – канторы футравага гандлю Альшанскага і алейнага завода братоў Элькіных, гандлёва-прамысловае таварыства ўзаемнага крэдыту, фартэпіянныя і скрыпічныя класы Б.С. Разэнблюма. Тут былі майстэрня спецыяліста хранометраў і складаных гадзіннікавых механізмаў І. Міньёвіча, жывапісная майстэрня Рахліна, і адно з самых вядомых фотаатэлье – М.Б. Левітэ.
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак значна пацярпеў, у 1951 г. ён быў адноўлены. Абмерныя чарцяжы і фотаздымкі, зробленыя нямецкімі ваеннапалоннымі пасля вызвалення Гомеля, сведчаць, што, нягледзячы на сур’ёзныя ўнутраныя пашкоджанні, знешні вобраз дома атрымаў толькі нязначныя змены ў параўнанні з яго даваенным выглядам.
Цяпер у будынку размяшчаюцца жылыя кватэры, на першым паверсе – крама.
Вул. Савецкая, будынак на пярэднім плане – былы прыбытковы дом купца Я. Лаўянава. Здымак 1930-х гг.
Вул. Савецкая, дом №4. Здымак 1940-х гг. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.
Вул. Савецкая, дом №4. Абмерныя чарцяжы 1940-х гг., зробленыя нямецкімі ваеннапалоннымі пасля вызвалення Гомеля. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.
Вул. Савецкая, дом №4. 2010 г.