Да зместу
Шрыфт
Колер
Графіка
Кернінг
Інтэрвал
Гарнітура

Вул.Савецкая, 8

Дом уяўляе сабой 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, размешчаны на рагу вуліц Савецкай і Камунараў. Кампазіцыя будынка – сіметрычна-восевая, акцэнтаваная зрэзанай вуглавой часткай. Архітэктура насычана выяўленчымі элементамі. Рэльефны дэкор сцен выкананы з абліцовачнай цэглы, як звычайнай, так і фасоннай, дэкор балконных агароджаў, а таксама парапетаў прадстаўлены мудрагелістымі чыгуннымі рашоткамі.

Зрэзаная вуглавая частка ўяўляе сабой уваходную групу. Галоўны ўваход аформлены руставаным архівольтам з замкавым каменем і фланкіраваны паўкалонамі, а дзвярны праём заканчваецца люнетам. На другім і трэцім паверхах размешчаны балконы (усяго будынак мае шэсць балконаў). Бакавая ўваходная група па вул. Камунараў мае больш вузкія дзверы той жа формы і аздаблення, вертыкальны акцэнт падтрыманы стужкавым шкленнем другога і трэцяга паверхаў, упісаным у высокі арачны праём, завершаны круглым слухавым акном.

Паверхі гарызантальна падзяляюцца складанымі карнізамі. Вертыкальнае размежаванне аформлена лапаткамі з кесонамі на першым паверсе, што пераходзяць у парныя паўкалоны на другім і фігурныя пілястры на трэцім. Усе вокны знаходзяцца ў заглыбленых у плоскасць сцен нішах. Прамавугольныя нішы другога паверха фланкіраваны фігурнымі паўкалонамі, зверху аздоблены аркамі ў выглядзе трохчаснага завяршэння пальмет. Арачныя нішы трэцяга паверха, акрамя фігурных паўкалон па баках, зверху аздоблены аркамі з замкавым каменем.

Такі сінтэз рознахарактарных матэрыялаў і ўпрыгожванняў назіраецца ў будынках стылю эклектыка. З другога боку, у канструктыўным і дэкаратыўным плане выкарыстаны матывы т. зв. “рускага стылю”. Таму будынак можна аднесці і да ўзору “цаглянага” стылю, які вызначаецца шматлікімі даследчыкамі.

Дом №8 разам з двума суседнімі трохпавярховымі каменнымі будынкамі (№№ 10 і 12) па вул. Савецкай як бы аднаўляюць фрагмент старой вуліцы. Гэтыя стылістычна падобныя пабудовы выкарыстоўваліся ў якасці “даходных” дамоў, што яскрава перадае дух эпохі. Годам будаўніцтва дома №8 адзначаны 1894 г. Да рэвалюцыі ён належыў купцу Лейбе Маянцу. На першым паверсе з боку вул. Румянцаўскай размяшчаліся галантарэйная крама Л. Пікуса, папяровая Г.Л. Гінсбурга, вінная Л. Маянца і кантора натарыуса М. М. Церлецкага; з боку вул. Мясніцкай (вул. Камунараў) быў уваход у 1-е гарадское вучылішча з 2-гадовымі педагагічнымі курсамі для падрыхтоўкі настаўнікаў.

Перад Вялікай Айчыннай вайной, па ўспамінах гомельскіх старажылаў, у памяшканнях будынка была адна з гарадскіх школ, а на першым паверсе крама “Прамтавары”. Падчас ваенных падзей будынак быў часткова зруйнаваны. Адноўлены ён быў у 1950 г. у якасці галоўпаштамта. Падчас правядзення работ па рэстаўрацыі палаца Румянцавых і Паскевічаў у будынку часова размяшчалася зала для выстаў Гомельскага абласнога краязнаўчага музея. На сёняшні дзень у будынку размяшчаецца аддзяленне паштовай сувязі. 

 8-1.jpg

Вул. Румянцаўская (зараз – Савецкая). Другі злева – прыбытковы дом Л. Маянца. Паштоўка пачатку ХХ ст.

8-2.jpg

На рагу вуліц Савецкай і Камунараў. Другі злева – будынак былога прыбытковага дома Л.Маянца.Здымак 1930-х гг.

 8-3.jpg

Вул. Камунараў. Расчыстка тэрыторыі для сквера. На заднім плане – будынак будучага галоўпаштамта. Здымак канца 1940-х гг. 

8-4.jpg  

На рагу вул. Савецкай і Камунараў. Злева – будынак галоўпаштамта, справа – сквер. Здымак не пазней за 1959 г.

 8-5.jpg 

На рагу вул. Савецкай і Камунараў. Будынак аддзялення пашты. Здымак 2011 г.