Навіны

На Гомельшчыне стартаваў рэспубліканскі праект «Выбіраем студатрад!»

У абласным цэнтры акцыя разгарнулася ў ГДТУ імя П. В. Сухога. Яна пачалася з сустрэчы студэнтаў з камандзірам абласнога штаба студатрадаў, другім сакратаром абкама БРСМ Аляксандрам Прышчэпавым.

Ён расказаў юнакам і дзяўчатам пра магчымасці працаўладкавання ў складзе студэнцкіх атрадаў у трэцім працоўным семестры 2025 года, пра спецыфіку працы і заработную плату. Уласным вопытам падзяліўся Руслан Шыпецкі, камандзір вытворчага студэнцкага атрада «Юнацтва» імя Героя Савецкага Саюза В. І. Акімава. Была арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак, дзе лепшыя байцы паведамілі ўдзельнікам промапраекта пра свае працоўныя будні.

Жадаючыя маглі запоўніць анкету для працаўладкавання ў вольны ад вучобы час. У ёй можна зазначыць не толькі зручны перыяд, але і выбраць профіль, месца працы.

Па словах Аляксандра Прышчэпава, з кожным годам колькасць жадаючых далучыцца да руху расце. У 2024-м на Гомельшчыне было працаўладкавана каля васьмі тысяч чалавек, у 2025-м гэтую лічбу плануюць перавысіць. Арганізацыі ўжо цяпер гатовыя забяспечыць працоўнымі месцамі сем тысяч маладых людзей. Працягваецца замежнае працаўладкаванне, напрыклад на тэрыторыі Краснадарскага краю. Для тых, у каго жаданне працаваць ёсць, а неабходныя навыкі пакуль адсутнічаюць, арганізавана бясплатнае навучанне.

Каб стаць часткай студатрада, трэба запоўніць анкету. Зрабіць гэта можна на сайце абкама БРСМ і на мерапрыемствах промапраекта «Выбіраем студатрад!», якія будуць праходзіць аж да канца лета.