пр. Леніна, 16

Забудова пр. Леніна,
г. Гомель, пр. Леніна, 16 

А-падобны ў плане 4-павярховы аб’ем размяшчаецца на скрыжаванні з вул. Сялянскай.

Вулічныя фасады атынкаваныя, гарызантальна дзеляцца карнізам на два ярусы, ніжні ярус аздоблены прамавугольным рустам, у дэкоры выкарыстоўваецца стылізацыя класіцыстычных матываў. Частка фасада па вул. Сялянскай мае меншую вышыню.

Акцэнтам выступае зрэзаная вуглавоя частка будынка на скрыжаванні вуліц. Вертыкаль фасада падкрэсліваецца пілястрамі (з узорнымі капітэлямі – на першым ярусе, рэльефным арнаментам з вазамі, гірляндамі, медальенамі з савецкай сімволікай і пілястрамі з пальметамі – на другім). Экстэр'ер амаль цалкам паўтораны на сумежных частках двух бакавых фасадаў.

Аздабленне вітрынных акон ніжняга яруса па пр. Леніна (падвоеныя карынфскія пілястры, агульны карніз з хвалістым меандрам і гладкаатынкаваным поясам) развіваецца з сандрыка цэнтральнага акна вуглавой часткі. Фасад верхняга яруса з боку пр. Леніна паўтарае дэкор вуглавой часткі, а з боку вул. Сялянскай – выдзяляецца толькі арачнымі вокнамі трэцяга паверха.

Вузкія балконы першага яруса аздоблены балюстрадай, шырокія на другім ярусе – каванай агароджай з кветкавым арнаментам. Вянчае фасады невысокі прамавугольны атык з балюстрадай.

Дваравыя фасады больш стрыманыя, падзеленыя на тры ярусы. Ніжні ярус завяршаецца карнізам з парэбрыкамі. Сярэдні – карнізам з парэбрыкамі і дэнтыкуламі. Верхні – дэкарыраваны аркамі з геаметрычным арнаментам і люкарнай. Фрыз дэкарыраваны чырвонымі ромбамі на светлым фоне. Пад’езды ўпрыгожаны эркерамі на ўласным падмурку.

Праспект Леніна (з 1960 г., а да гэтала– вуліца Замкавая (канец XIX ст.), Луначарскага (з 1923 г.), Камсамольская (з 1930-х гг.)) з'яўляецца своеасаблівай параднай магістраллю Гомеля. У гады Вялікай Айчынай вайны яна была амаль цалкам зруйнавана. Новая забудова ўтварыла даволі цэласны архітэктурны ансамбль. Сярод узораў таго часу – дом №16, узведзены для завода «Гомсельмаш» па праекце арітэктара Касякова Аляксандра Іванавіча (1957 – 1963 гг. – галоўным архітэктар Гомеля) у 1954 г. У 2004 г. адбылася рэканструкцыя ўвахода ў падвальнае памяшканне.

image001.jpgПр. Леніна, праект дом №16 (арх. Хінчын Ш.І.). 1950-е гг.. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект».

image002.jpgПраспект Леніна, дом №16. Здымак 1965 г. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект».

image003.jpgПраспект Леніна, дом №16.