Вул.Савецкая, 32

Будынак філармоніі размешчаны ў гістарычным цэнтры Гомеля, на вуглу вуліц Савецкай і Жаркоўскага. Будынак цагляны, ўяўляе сабой двухпавярховы Г-падобны ў плане аб’ём.

Галоўны фасад асіметрычнай пабудовы вертыкальна падзяляецца на тры часткі – рызаліт і бакавыя (прычым, правая шырэйшая за левую). Цэнтр рызаліта выдзелены паўкалонамі на першым паверсе, якія пераходзяць у балкон на другім паверсе. Вянчае рызаліт лесвічны атык з прамавугольнай філёнгай па цэнтры. Вуглавыя часткі фасада фланкіраваны лапаткамі (плоскай справа, руставанай – злева, якой дапасуе такая ж на плоскасці правай бакавой частцы). Паверхі аддзяляюцца адзін ад другога шырокай цягай, аб’ёмы завершаны шырокім прафіляваным карнізам. Дынаміку фасаду надаюць два рады аднолькавых ваконных праёмаў, аздобленых аконнай ліштвой у выглядзе архітэктурных цяг. Фасад па вул. Жаркоўскага паўтарае аздабленне бакавой левай часткі.

Вуліца Савецкая – адна з трох цэнтральных вуліц Гомеля, вакол якіх рос і развіваўся горад. Да пачатку другога дзесяцігоддзя ХХ ст. вуліца Савецкая ў лепшай сваёй частцы (ад сучаснай плошчы Леніна да вуліцы Перамогі) была забудавана двух- і трохпавярховымі каменнымі будынкамі з вежамі, спічакамі – элементамі выдатнай архітэктуры. На гэтым участку яна была выбрукавана і мела пліткавы тратуар.

Вуліца Савецкая перасякаецца больш чым дзесяццю папярочнымі вуліцамі. Сярод іх – вуліца Жаркоўскага (раней – Аптэчная). Яна была забудавана сядзібамі інжынераў, урачоў, настаўнікаў і іншых запатрабаваных спецыялістаў. Да рэвалюцыі будынак, у якім сёння знаходзіцца філармонія, выкарыстоўваўся ў якасці даходнага дома. На першым паверсе размяшчаліся шпалерная майстэрня Мінькоўскага Г., крама ровараў і прыстасаванняў да яго Марынбаха Б., “першакласная майстэрня мужчынскай вопраткі Элькіна Л.Б.”, некалькі крэдытных устаноў, магчыма – аптэка. На другім паверсе знаходзіліся жылыя пакоі. У пачатку ХХ ст. у будынку жыла сям’я Выгоцкіх, адкуль паходзіў знакаміты псіхолаг Леў Сямёнавіч Выгоцкі.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны будынак быў моцна пашкоджаны. Дзякуючы свайму знаходжанню на галоўнай вуліцы Гомеля, ён быў адноўлены ўжо ў 1947 г. Пасля вайны ў ім размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум, потым райвыканкам Цэнтральнага раёна. У 1982 годзе, рашэннем ад 31 снежня №770 выканаўчага камітэту Гомельскага гарадскога савета народных дэпутатаў перададзены абласной філармоніі, якой належыць і сёння. 

    

Скрыжаванне вуліц Савецкай і Жаркоўскага. Даходны дом адзначаны пункцірам. Аэрафотаздымка 1941 г .

   

Вул. Савецкая, дом №32. Здымак першай паловы ХХ ст.

   

Вул. Савецкая, дом №32. Здымак 2010 г.