Вул.Савецкая, 18

Дом ўяўляе сабой трохпавярховы Т-падобны ў плане аб'ём. Галоўны фасад сіметрычнай пабудовы, вертыкальна падзяляецца на тры часткі - центральную і бакавыя, у выглядзе неглыбокіх рызалітаў. Першы паверх з гарызантальным рустам аддзяляецца ад другога вузкай прафіляванай цягай. Рызаліты, пачынаючы з другога паверха, аформлены лапаткамі з вялікай колькасцю дэкаратыўных геаметрычных элементаў і завяршаюцца атыкамі прамавугольнай формы з аркатурай і паясамі дэнтыкулаў. На другім і трэцім паверхах рызалітаў размяшчаюцца балконы. Вось сіметрыі цэнтральнай часткі фасада выдзелена вокнамі больш шырокімі за астатнія, што фланкіравны лапаткамі (руставаныя на другім паверсе і з вузкімі філёнгамі – на трэцім) з зубчатымі карнізамі. Такія ж лапаткі змешчаны каля рызалітаў. Усе вокны знаходзяцца ў неглыбокіх нішах, якія дэкарыраваны зверху зубчатымі (другі паверх) і аркатурнымі фрызамі (трэці паверх). Пад вокнамі другога паверха знаходзяцца прамавугольныя філёнгі, трэцяга – стужкі парэбрыка. Завяршаецца цэнтральная частка поясам дэнтыкулаў і прамавугольным атыкам з філёнгай. Інтэр'еры помніка асобнай каштоўнасці не ўяўляюць.

Вуліца Савецкая (былая Румянцаўская) – адна з галоўных магістраляў Гомеля – сфарміравалася ў другой палове XІX – пачатку XX стст., калі становіцца галоўнай вуліцай города. 2-3-х-павярховыя даходныя дамы на ёй належылі прыватным асобам і акрамя жылля гаспадароў, змяшчалі гандлёва-гаспадарчыя ўстановы на першым паверсе, а памяшканні астатніх паверхаў здаваліся ўнаём як кватэры. Такую функцыю выконваў і дом № 18 па вул. Савецкай.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў будынку размяшчаўся Гомельскі фінансавы тэхнікум Міністэрства фінансаў БССР. У гэты час з боку двара існавала прамавугольная прыбудова да асноўнага аб'ёму. Як сведчыць фотаздымак 1940-г гг. з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, дом атрымаў нязначныя знешнія пашкоджанні і ў 1949 г. быў адноўлены. Пры гэтым быў закрыты скразны праезд у двор, які знаходзіўся ў правай частцы будынка. Замест яго на фасадзе з'явіўся шырокі галоўны ўваход. У 1957 г. актам Савета Міністраў БССР дом быў перададзены Міністэрству культуры для Гомельскага музычнага вучылішча (цяпер – установа адукацыі "Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага"). У 1960-я гг. да даваенных аб’ёмаў помніка былі зроблены прыбудовы, якія працягнуліся ў бок дваровай тэрыторыі.

Вул. Савецкая, дом №18. Здымак 1940-х гг.


Вул. Савецкая, дом №18.  Здымак 2015 г.