пр. Леніна, 45

Забудова пр. Леніна,
г. Гомель, пр. Леніна, 45

Дом № 45 знаходзіцца на рагу з вул. Карповіча і мае ў плане Г-падобную кампазіцыю. Будынак чатырохпавярховы з павелічэннем да пяці паверхаў у кутняй частцы.

Вулічныя фасады дэкарыраваны ўрачыста. Яны падзелены на два ярусы: ніжні – 1-3-і паверхі – з рустоўкай, верхні –– гладкаатынкаваны, адмежаваны профіляваным карнізам. Першы паверх з крамамі вылучаецца падвоеннымі вітрыннымі вокнамі з паўкалоннамі, якія яднаюць руставаныя дэкаратыўныя архівольты з выявамі на люнетах рагоў дабрабыту, апярэзаных стужкамі. Вертыкальна фасады падзяляюцца стылізаванымі кампазіцыямі-порцікамі. На першым ярусе іх утвараюць патроеныя гарызантальна руставаныя пілястры, якія разрывае антаблемент у прасценку 2-3-га паверхаў. На верхнім ярусе – вертыкаль падаўжаецца порцікам з больш вузкімі карынфскімі пілястрамі па бакам і аркай у цэнтры.

Вуглавая частка дома вылучаецца на ніжнім ярусе за кошт вуглавой пілястры, на верхнім – скошанага вугла, атыкавага 5-га паверха, а таксама вуглавога балкона з элементамі порціка, які абапіраецца на кансоль з барочнымі матывамі. Стрыманымі акцэнтамі фасадаў выступаюць балконы 4-га паверха з каванымі агароджамі з расліннымі матывамі. Уздоўж вулічных фасадаў ідзе прафіляваны карніз, на 5-м паверсе – з дэнтыкуламі.

Праспект Леніна выступае, як парадная магістраль Гомеля, і злучае гістарычны цэнтр города з чыгуначным вокзалам. ен пачаў фарміравацца ў XIX ст., але ў час Вялікай Айчыннай войны быў амаль цалкам зруйнаваны. Пасляваенная забудова ўтварыла даволі цэласны архітэктурны ансамбль, аб'яднаны матывамі класіцызму і дэкорам з савецкай сімволікай.

Дом № 45 на праспекце з’яўляецца характэрным прыкладам жылой архітэктуры 1950-х гг. з убудаванымі аб'ектамі сацыяльнага і бытавога прызначэння. Яго будаўніцтва было завершана ў 1959 г. Зараз у будынку размяшчаюцца, акрамя жылых кватэр, крамы, аддзел адукацыі адміністрацыі Чыгуначнага раена г. Гомеля, майстэрні ГА « Беларускі саюз мастакоў» і інш.

image001.jpgПраспект Леніна, дом №45 (злева). Здымак 1960-х гг. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект».

image002.jpgПраспект Леніна, дом №45. Здымак 2016 г.

image003.jpgВугал праспекта Леніна і вуліцы Карповіча. Будынак па пр. Леніна, 45. Здымак 2010-х гг.

image004.jpgПраспект Леніна, дом №45. Фрагмент фасада. Здымак 2016 г.