Вул.Савецкая, 39

Будынак трохпавярховы, прамавугольны ў плане, мае сіметрычна-восевую пабудову. Сярэдняя частка галоўнага фасада з боку вул. Савецкай вылучана 8-калонным на два паверхі порцікам без капітэляў, накрытым філёнгавым парапетам-балконам. Бакавыя часткі галоўнага фасада маюць неглыбокія рызаліты, апрацаваныя рустам на першым паверсе. Вокны першага паверха знаходзяцца ў неглыбокіх нішах з паўцыркульнымі завяршэннямі і замкавымі камянямі. З боку двара фасад захаваў іанічны порцік з 8 паўкалон. У сувязі з пераабсталяваннем помніка пад прамысловыя патрэбы, гістарычныя інтэр’еры былі страчаны.

У пачатку XIX ст. у Гомелі фарміравалася новая архітэктурна-планіровачная структура, актыўна будаваліся аб’екты грамадскага прызначэння, перш за ўсё – па вул. Прабойнай (зараз – вул. Савецкая). Уладальнік Гомельскага маёнтка граф М.П. Румянцаў ініцыяваў будаўніцтва школы, выкладанне ў якой вялося па метадзе ўзаемнага навучання англійскага педагога Дж. Ланкастэра. Школьны комплекс (галоўны корпус, 4 флігелі, лазня, свіран і стайня) заняў цэлы квартал на ўскраіне горада. Двухпавярховы галоўны корпус у стылі класіцызм (арх. Іван Дзьячкоў, пры ўдзеле Джона Кларка) меў сіметрычны галоўны фасад, іанічны порцік з 8 калон пад трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады таксама афармлялі порцікі. Ланкастэрская школа адкрылася ў 1819 г. і была першай навучальнай установай такога тыпу ў Расійскай імперыі.

Пасля смерці М.П.Румянцава ў 1826 г. школа была закрыта. Спачатку ў галоўным корпусе размясцілася ткацкая фабрыка, а ў 1840-я гг. – шпіталь і казармы (т.зв. “Белыя казармы”). Магчыма, у гэты час асноўны аб’ём помніка быў надбудаваны трэцім паверхам, і падчас работ былі знішчаны капітэлі калон, франтон заменены на парапет, ўзнік прамавугольны атык.

У Першую сусветную вайну на тэрыторыі былой школы быў разгорнуты размеркавальны пункт. У кастрычніку 1916 г. тут адбылося паўстанне салдат (каля 4 тыс. удзельнікаў). У 1967 г. з мэтай ушанавання памяці паўстанцаў на будынку была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У міжваенны перыяд у помніку размяшчаліся службы кавалерыйскай дывізіі. У гады вайны фашысты стварылі ў гэтым месцы цэнтральны перасылачны канцлагер Дулаг 121, дзе загінула больш за 100 тыс. чалавек. Будынак былой школы быў адміністрацыйным. У 1970 г. у памяць пра ахвяр фашысцкага тэрору на ім была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

У 1946 г. зруйнаваны будынак быў перададзены абутковай фабрыцы “Праца”. Аднаўленне было завершана ў 1953 г. З 1958 г. да гістарычнага аб’ёма, дзе знаходзіліся і адміністрацыйныя, і вытворчыя памяшканні, пачалі прыбудоўваць у бок двара новыя карпусы (апошні – у 1984 г.). Яны маюць аднолькавы з ім адрас, але помнікамі не з’яўляюцца. Цяпер будынак былой ланкастэрскай школы – адміністрацыйна-бытавы корпус ААТ “Праца”. У памяшканнях першага паверха знаходзіцца фірменная крама прадпрыемства і іншыя ўстановы.

Вул. Прабойная (цяпер – вул. Савецкая). Фасад будынка ланкастэрскай школы, 1844 г, (па матэрыялах Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва). З кнігі В.Ф. Марозава "Гомель класічны", 1997 г.

Вул. Савецкая, дом №39. Абмерныя чарцяжы 1940-х гг., зробленыя нямецкімі ваеннапалоннымі пасля вызвалення Гомеля. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.

Вул. Савецкая. Будынак для абутковай фабрыкі “Праца”. Здымак 1940-х гг.. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.

Вул. Савецкая. Адміністрацыйна-бытавы корпус ААТ “Праца”. Здымак 2010 г.