пр. Леніна, 26

Забудова пр. Леніна
г. Гомель, пр. Леніна, 26

Дом №26 цагляны, Г-падобны ў плане. Разам з домам № 24 выступае рызалітам для паглыбленай цэнтральнай часткі з арачным праездам (кесанаваны звод, пальметты, разеткі, лісце аканта). Знешняй дамінантай з'яўляецца вуглавы аб'ем, які ўзвышаецца над перпендыкулярнымі «крыламі».

Гарызантальны паздзел на галоўных фасадах па пр. Леніна і вул. Карповіча выдзелены рустам (на 1-м паверсе – гарызантальны, на 2-3-м паверхах – прастакутны) і прафіляванымі карнізамі (над 1-м паверхам – з дэнтыкуламі). Вертыкаль на ўзроўні 2-4-га паверхаў падкрэсліваюць дэкаратыўныя парталы. Яны складаюцца з пілястраў (упрыгожаны філенгамі і разеткамі), што фланкіруюць вокны і балконы на 2-3-ім паверхах, і прафіляваных карнізаў (на фрызе – разеткі, акружаныя раслінным дэкорам). Парталы завершаны імітацыяй атыкаў (яе ўтвараюць вокны 4-га паверха з разеткамі ў вуглах).

Вокны на 1-м паверсе – вітрынныя арачныя з арнаментаванымі архівольтамі з боку пр. Леніна і прастакутныя з веерным замкам з боку вул. Карповіча, на 2-м – з прафіляванымі ліштвой, на 3-м – з  прафіляванымі падваконнікамі, дэнтыкуламі і каванымі агароджамі. Акцэнтныя балконы на 3-ім паверсе змешчаны ў порцікі, аформлены балюстрадамі з тумбамі і дэкаратыўна насычанымі кансолямі. Балконы 4-га паверха на вузкіх прафіляваных плітах з кансолямі маюць каваную агароджу.

Галоўным акцэнтам вуглавога аб'ема з’яўляюцца дэкаратыўныя парталы, падобныя парталам на «крылах», але завершаныя порцікамі з трохкутнымі франтонамі (на 4-ым паверсе). Вокны ў іх размешчаны па трое, а на 3-ім паверсе аб'яднаныя балконнымі групамі. Вокны на 4-ым паверсе фланкіраваны пілястрамі.

Праспект Леніна – адна з найстарэйшых вуліц горада Гомеля. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яна практычна ўся была разбурана. Пасля вайны менавіта гэтая вуліца ператварылася ў вітрыну новага архітэктурнага стылю – «сталінскі ампір». Новым генпланам горада 1946 г. была прадугледжана ансамблевая забудова галоўных вуліц. Можна меркаваць, што аўтарам праекта дома №26, як і дома №24 быў арх. В.Б. Іваноў. Будынак быў узведзены ў 1955 г. для гомельскіх супрацоўнікаў абласнога савета прамысловай кааперацыі. Пасля пабудовы ен быў перададзены гораду. Свае прызначэнне, як жылога дома з аб'ектамі абслугоўвання, не змяніў да сенняшніх дзен.

image001.jpgПраспект Леніна, дом №26. Здымак 2012 г.

image002.jpgПраспект Леніна, дом №26. Здымак 2022 г.