Вул.Савецкая, 20

Цагляны дом № 20 па вул. Савецкай уяўляе сабой Г-падобны ў плане, трохпавярховы будынак з жалезным двухсхільным дахам.

Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычна-восевая трохчастковая.

Цэнтральная частка фасада акцэнтавана арачнымі скляпеннямі: паўкруглымі – вокны і дзвярныя праёмы, эліптычнымі – па цэнтральнай восі фасада (дваровы праезд першага паверха над падвоенымі вокнамі другога паверха, трохчастковы дзвярны праём балкона трэцяга паверха і франтон будынка). Франтон аздабляе круглы медальён з гербам Рэспублікі Беларусь на тымпане. Да ўваходных груп першага паверха дапасуюцца пілястры (падвоеныя, з рустам – абапал дваровага праезда), ляпныя ўстаўкі з матывамі вінаграднай лазы (над дваровым праездам). Карніз з дэнтукул на першым паверсе падзяляе першы і другі гарызантальныя ярусы.

Палстыку бакавых частак першага паверха стварае чаргаванне вокнаў-вітрын (ў левай частцы яны шырэйшыя) і пілястраў з прамавугольнымі і квадратнымі кесонамі. Асноўную дэкаратыўную нагрузку нясуць вокны 2-га яруса, згрупаваныя ў левай часцы фасада папарна, у правай – па трое. На фоне плоскіх ліштваў і падваконняў гучаць іншыя элементы. На 2-м паверсе – гэта арачныя сандрыкі з разеткамі на тымпанах, “падперазаныя” карнізамі з шэрагам калоссяў і кесонамі па баках. Групы вокнаў аб’яднаны філёнкамі-“фартухамі”. На 3-м паверсе – гэта “стужка” ў верхняй частцы ліштвы, на якую “нанізаны” вокны, і лесвічныя падваконні з філёнгамі. Ролю сандрыкаў з раслінным арнаментам выконвае фрыз будынка. Мадульёны з лісцем аканта з’яўляюцца агульнымі элементамі для вокнаў і фрыза.

Забудова Румянцаўскай вуліцы шматпавярховымі цаглянымі "прыбытковымі" дамамі, пачалася ў канцы XIX ст. Першыя паверхі ў іх здаваліся ў арэнду пад крамы і канторы, астатнія – у найманне жыхарам. Да дадзенай катэгорыі меў дачыненне і дом лекара Д. Е. Захарына (дамы таго часу нумараваліся рэдка і звычайна былі вядомыя па сваім ўладальніку). Ён стаў вынікам складанай рэканструкцыі (1906 г.) 1- і 2-павярховых будынкаў па праекце С.Д. Шабунеўскага. Былі пашыраны памяшканні для крамы на першым паверсе, надбудаваны трэці паверх, у правай частцы дома быў дабудаваны цэлы фрагмент. У выніку ўтварыўся безперапынны фронт капітальнай шматпавярховай забудовы вуліцы Румянцаўскай.

Першы паверх займалі крама бакалейных тавараў Лібермана Б.А., абутковая крама Цыпкіна Р., пераплетная ўстанова Бера, цырульня “Прагрэсс”, кравецкая майстэрня Энштэйна Ш.Т., “Петраградская кандытарская”, кавярня і булачная Хайкіна. Лёс будынка ў міжваенны перыяд невядомы. У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў разбураны, адноўлены толькі ў першай палове 1950-х гг. (у крыніцах даводзяцца розныя даты). Вядома, што ў 1985 г. на 1-м паверсе быў размешчаны магазін, на 2-м – грамадская ўстанова, 3-і паверх выкарыстоўваўся пад жыллё. У 2000-я гг. (магчыма і раней) у будынку размяшчаўся абласны суд. 2-і і 3-і паверхі выкарыстоўваюцца як жылыя.

Вул. Савецкая, дом № 20 (першы злева). Здымак 1958-59 гг. З архіва Андрэя Карнеева.


Вул. Савецкая, дом № 20. Здымак 2010 г.