Вул.Савецкая, 11

Будынак № 11 па вул. Савецкай ўяўляе сабой трохпавярховы прамавугольны ў плане аб’ём, які размешчаны на скрыжаванні з вул. Ланге. Галоўнае месца ў аб’ёмна-прасторавай пабудове дома адведзена вуглавой частцы і фасаду з боку вул. Савецкай. Яны вылучаны руставанымі лапаткамі, своеасаблівым афармленнем арачных вокнаў другога паверха (руставаныя ліштвы, трохвугольныя сандрыкі і трохчасныя прамавугольныя філёнгі), наяўнасцю на вуглавой частцы даха двух трохвугольных атыкаў са скразнымі люкарнамі. Першы паверх, плоскасці сцен якога апрацаваны рустам, а вокны аформлены замковымі камянямі, аддзелены ад другога вузкім карнізным поясам. Вокны дугога паверха накрыты прафіляванымі архівольтамі з замковымі камянямі, балконы маюць агароджу ў выглядзе балясін. Вокны трэцяга паверха – у сціплых цагляных прафіляваных ліштвах. Дах металічны, вальмавы. Пад ім – шырокі карніз з поясам дэнтыкулаў. У мастацкім рашэнні будынка пераважаюць рысы класіцызму.

Вуліца Савецкая – адна з галоўных магістраляў Гомеля. Яе фарміраванне пачалося ў XVIII стагоддзі, працягнулася ў XIX стагоддзі, а канчаткова склалася ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя. У гэты час Румянцаўская становіцца галоўнай вуліцай города, на якой канцэнтравалася яго гандлёва-прадпрыймальніцкае і грамадскае жыццё. У 1-3-павярховых будынках, што належылі прыватным асобам, акрамя жылых кватэр, размяшчаліся шматлікія магазіны, гасцініцы, установы грамадскага харчавання, майстэрні, канторы.

Дом № 11 па вул. Савецкай адносіўся менавіта да такога тыпу гарадскіх будынкаў. Фотаздымак 1940-х гадоў з фондаў музея ДГКУ «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» сведчыць аб тым, што першапачатковы выгляд помніка істотна адрозніваўся ад сучаснага. Будынак быў двухпавярховы, у яго дэкоры адсутнічаў руст, частка вокнаў другога паверха мела стрэльчатую канфігурацыю, што надавала аб’ёму ў цэлым рысы гістарызму з выкарыстаннем элементаў готыкі. Гэта дае падставы меркаваць, што дом мог быць пабудаваны ў сярэдзіне-пачатку другой паловы XIX стагоддзя.

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак значна пацярпеў, ў 1950 г. быў адноўлены. Пры гэтым быў надбудаваны трэці паверх, змянілася колькасць вокнаў, на другім паверсе ўсе яны набылі арачную форму, у дэкоры фасада з’явіўся руст, сандрыкі і г.д. Помнік страціў рысы гістарызму і набыў стылёвыя асаблівасці класіцызму.

Вул. Савецкая, дом №11 (другі справа). Здымак 1930-х гг.


На рагу вуліц Савецкай і Ланге. Будынак па вул. Савецкая, 11. Здымак 1940-х гг. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.

Вул. Савецкай, дом № 11 (другі справа). Здымак з альбома “Гомель у фотаілюстрацыях”, 1961 г.

На рагу вуліц Савецкай і Ланге. Будынак па вул. Савецкая, 11. Здымак 2010 г.