Навіны

Баявая тэхніка, халодная зброя, амуніцыя - Гомельскаму абласному музею ваеннай славы 15 гадоў

Гомельскі абласны музей ваеннай славы адзначае 15-годдзе з дня ўтварэння. Віншаванні працоўнаму калектыву і кіраўніцтву ўстановы накіраваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе аблвыканкама.

"Дзякуючы вашаму творчаму пошуку захоўваецца ваенна-гістарычная спадчына вобласці і Беларусі. Вы - надзейная крыніца грамадзянска-патрыятычнага выхавання людзей самага рознага ўзросту", - звярнуўся да калектыву музея губернатар.

Ён прывёў лічбы: у год 75-годдзя Вялікай Перамогі толькі ў акцыі "Салдаты Перамогі" прынялі ўдзел амаль 8 тыс. школьнікаў. Усяго ж за мінулы год у музеі правялі больш за 1,5 тыс. экскурсій, лекцый, праектаў, удзельнікамі якіх сталі больш за 80 тыс. наведвальнікаў.

Паводле слоў Генадзя Салаўя, асабліва палюбілася гамяльчанам і гасцям горада экспазіцыя пад адкрытым небам. "Дзясяткі адзінак баявой ваеннай тэхнікі. Своеасаблівы партал у гады Вялікай Айчыннай і ўнікальная магчымасць сустрэцца з гераічным ваенным мінулым", - адзначыў ён.

Губернатар пажадаў калектыву музея плённай працы, дасягнення намечаных мэт.

Рашэнне аблвыканкама аб стварэнні Гомельскага абласнога музея ваеннай славы было прынята 23 лютага 2006 года. Стацыянарная экспазіцыя музея прысвечана ваеннай гісторыі рэгіёна з самых старадаўніх часоў і да цяперашняга часу. Яна размяшчаецца ў васьмі залах. У музеі 9874 прадметы асноўнага фонду і больш за 2122 прадметы навукова-дапаможнага.

Ва ўстанове прадстаўлены 12 калекцый: "Ваенная амуніцыя", "Рэчы", "Зброя. Боепрыпасы", "Дакументы", "Фотадакументы", "Фалерыстыка", "Філатэлія", "Баністыка", "Нумізматыка", "Друкаваныя выданні, рукапісы", "Выяўленчае мастацтва", "Кінафонадакументы". У зборы музея захоўваецца адна з буйнейшых калекцый халоднай зброі ХХ стагоддзя ў Беларусі (масонскія шпагі, шаблі, мячы японскага тыпу, корцікі, нажы, кінжалы еўрапейскіх краін, Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі).

Акрамя стацыянарнай экспазіцыі, працуе зала, у якой арганізуюцца зменныя выстаўкі. На адкрытай пляцоўцы прадстаўлена ваенная тэхніка ХХ стагоддзя.

На базе музея створаны і музей крыміналістыкі, прысвечаны гісторыі барацьбы са злачыннасцю ў Гомельскай вобласці з 1917 па 2000 гады.-0-