Навіны

БелДУТ правядзе першы ў гісторыі ВНУ баль

Студэнцкі баль збярэ аматараў танца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту 13 сакавіка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык студэнцкага клуба імя заслужанага дзеяча культуры Беларусі Алега Коваля ў БелДУТ Барыс Рабцаў.

Ён падкрэсліў, што гэта першы ў гісторыі ВНУ баль. Яго ініцыятарамі сталі самі студэнты, адміністрацыя падтрымала ідэю.

Танцавальная праграма вечара вельмі разнастайная. Адкрые яе "Паланэз" - велічны і прыгожы польскі танец, у якім кружылі манархі і саноўныя асобы.

Вальс "Лёд і полымя" закружыць у танцы і гасцей з залы. Дапаможа навучыцца яго тэхніцы танцмайстар балю. Прадоўжаць праграму "Вальс знаёмстваў", "Парыжскі марш", "Багемская полька", дынамічны "Катыльён", "Шатландскі кругавы танец", галантны "Менуэт" і многія іншыя.

Прадугледжана два аддзяленні праграмы з антрактам. Распарадчыкі балю паклапоцяцца аб тым, каб ніхто не сумаваў на балі. Так, гасцям прапануюць пагуляць, напрыклад, у "Ручаёк".

Кружыць у танцах розных краін свету і часоў будуць 11 студэнцкіх пар. "Ужо цяпер можна сказаць, што гэта будзе мерапрыемства з сэнсам і пройдзе на дастойным узроўні. Да яго падрыхтоўкі хлопцы і дзяўчаты аднесліся больш чым сур'ёзна, пачынаючы з падбору рэпертуару і шматлікіх рэпетыцый, заканчваючы стварэннем вобразаў", - расказаў Барыс Рабцаў. Напрыклад, адзін з кавалераў рыхтуе да выступлення парадны армейскі касцюм і хромавыя боты свайго дзеда. Дарэчы, у кожнага ўбора будзе свая гісторыя.

ВНУ запрашае ўсіх жадаючых перанесціся разам са студэнтамі ў мінулае і акунуцца ў атмасферу сапраўднага балю. Пачатак у 15.00.-0-