Навіны

Гомельская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа прызнана лепшай у краіне

6 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гомельская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прызнана лепшай у краіне па выніках работы ў 2021 годзе. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК Арцём Карпенка.

Гомельская абласная арганізацыя БТЧК атрымала максімальную агульную ацэнку дзейнасці ў адпаведнасці з мадэллю канечных вынікаў дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа. "Па выніках работы ў 2021 годзе мы атрымалі найвышэйшы бал сярод абласных і Мінскай абласной арганізацыі. У адпаведнасці з мадэллю дзейнасць аргструктур Беларускага Чырвонага Крыжа ацэньваецца па 6 паказчыках, сярод якіх колькасць валанцёрскіх груп, колькасць працуючых сэрвісаў і міні-ініцыятыў, дзейнасць медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа "Дапамога", работа са спонсарамі і партнёрамі і іншыя", - сказаў Арцём Карпенка.

Пераможца конкурсу атрымае Br10 тыс. на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўдасканаленне аказання дапамогі ў раённых арганізацыях.

"Мінулы год быў значным для Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Так, у Гомельскай вобласці шырока адзначалі 100-годдзе нацыянальнага таварыства. Пад эгідай юбілейнага года была праведзена маштабная работа па інфармаванні грамадскасці аб дзейнасці арганізацыі, выдадзены білборды аб валанцёрах Чырвонага Крыжа, праведзены флэшмоб, які аб'яднаў больш за 2,5 тыс. прыхільнікаў БТЧК, устаноўлена памятная дошка сястры міласэрнасці Соф'і Голухавай, якая ўзнагароджана медалём Флорэнс Найцінгейл", - абазначыў частку важнейшых дасягненняў Арцём Карпенка.

Гомельская абласная арганізацыя БТЧК у ліку першых адгукнулася на заклік дапамагчы бежанцам на беларуска-польскай граніцы. У Гродзенскую вобласць былі дастаўлены тры гуманітарныя грузы вагой амаль 10 т. Валанцёры і супрацоўнікі рэгіянальнай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа вахтамі выязджалі ў прыгранічную зону для аказання дапамогі. Усяго валанцёры рэгіёна правялі больш за 100 сутак на гродзенскай зямлі.

"Важкі ўклад Гомельская абласная арганізацыя ўнесла ў папулярызацыю вакцынацыі насельніцтва ад COVID-19. У шасці раёнах вобласці быў запушчаны пілотны праект па дастаўцы пажылых грамадзян з аддаленых населеных пунктаў да месцаў вакцынацыі. Выдадзены дзясяткі тысяч лістовак і праведзены сотні акцый па папулярызацыі вакцынацыі і выкарыстання сродкаў аховы ў грамадскіх месцах", - удакладнілі ў абласной арганізацыі.

Ярка і маштабна прайшлі традыцыйныя дабрачынныя кампаніі "Ёлка жаданняў", "Ваша дапамога" і "Збяром партфель першакласніку".

У паўднёва-ўсходнім рэгіёне дзейнічала 9 унікальных сэрвісаў: сацыяльнае мыццё, пункт пракату сродкаў рэабілітацыі, сацыяльнае рэпетытарства, творчыя майстэрні і інш. Крызісны цэнтр для сацыялізацыі Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК карыстаецца пастаянным попытам у людзей, якія маюць патрэбу ў жыллі і жадаюць сацыялізавацца.-0-

https://blr.belta.by/society/view/gomelskaja-ablasnaja-arganizatsyja-chyrvonaga-kryzha-pryznana-leps...