Навіны

"Музыка надзеі" пройдзе ў Гомелі

"Музыка надзеі" пройдзе ў Гомелі

XVII Міжнародны дзіцячы конкурс "Музыка надзеі" пройдзе з 2 па 6 снежня ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове адукацыі.
У намінацыі "Фартэпіяна" сваю творчасць на суд журы прадставяць юныя таленты з Беларусі, Расіі (Масквы і Саратава), Украіны (Чарнігава). Усяго за ўзнагароды творчага конкурсу паспаборнічаюць больш за 60 музыкаў у трох узроставых групах: малодшай - ад 8 да 10 гадоў, сярэдняй - ад 11 да 13 і старэйшай - ад 14 да 16 гадоў.
На сцэне прагучаць кампазіцыі эпохі барока, санаты эпохі класіцызму, віртуозныя эцюды, творы беларускіх кампазітараў.
Журы конкурсу ўзначальвае загадчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, дацэнт Уладзімір Дулаў. Апроч беларускіх экспертаў у складзе журы - прадстаўнікі Польшчы, Расіі, Малдовы.
Пераможцаў конкурсу ўзнагародзяць дыпломамі і прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, прызамі і падарункамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Лаўрэаты конкурсу таксама выступяць на заключным канцэрце.
Міжнародны дзіцячы конкурс "Музыка надзеі" праводзіцца Міністэрствам культуры, спецыяльным фондам Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскім дзяржаўным каледжам мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага. Творчае спаборніцтва накіравана на выяўленне і падтрымку таленавітых навучэнцаў, развіццё іх творчых здольнасцей і павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства, прапаганду лепшага педагагічнага вопыту, папулярызацыю музычнага мастацтва.
Першы Міжнародны дзіцячы конкурс "Музыка надзеі" адбыўся ў красавіку 1996 года ў дні 10-годдзя трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Правядзенне мерапрыемства стала добрай традыцыяй, якая ўмацоўвае і развівае творчыя і сяброўскія сувязі краін блізкага і далёкага замежжа. За час існавання конкурсу яго ўдзельнікамі сталі больш за 1,5 тыс. юных музыкантаў Беларусі, Украіны, Расеі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Балгарыі, Латвіі. У склад журы штогод ўваходзяць прафесіяналы сваёй справы з розных краін.

БЕЛТА