Навіны

У атмасферу міжваеннага часу ХХ стагоддзя перанясе выстава ў гомельскім Палацы Румянцавых і Паскевічаў

24 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Гамяльчанка. Праз прызму ўспамінаў" пачне работу з 25 жніўня ў Гомелі ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў, паведамілі БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

"Гэта выстава-вобраз, створаная на аснове цытат з пісем і ўспамінаў Анжалікі Стахіеўны Маланьінай, якія і стануць своеасаблівым "гідам" па выставе", - расказалі ў палацы.

У экспазіцыі прадстаўлены музейныя прадметы, якія дапамогуць узнавіць атмасферу міжваеннага перыяду мінулага стагоддзя і паказаць, як жыла, чым захаплялася і аб чым марыла юная дзяўчына тых гадоў. Акрамя таго, фатаграфіі і дакументы з фондаў музея дадуць магчымасць "пабываць" у залах палаца-музея ў розныя гады, "прагуляцца" па цяністых алеях парку, праілюструюць, якім цяжкім выпрабаваннем для гомельскага палаца і парку стала Вялікая Айчынная вайна.

"Усё сваё жыццё памятаю да самых дробязей", - гаварыла Анжаліка Маланьіна. Яна нарадзілася і вырасла ў Гомелі. З'яўляючыся дачкой дырэктара Гомельскага музея Стахія Тарасавіча Антонава (з 1927 па 1945 гады), юныя гады дзяўчына літаральна правяла ў палацы, паколькі службовая кватэра кіраўніка ў той час знаходзілася менавіта тут. Пасля вайны Анжаліка Маланьіна жыла ў Валгаградзе і вяла дзённік, у якім шмат успамінала аб Гомелі. Успаміны былі апублікаваны ў 2011 годзе ў газеце "Советская Белоруссия".

Анжаліка Маланьіна вяла перапіску і з супрацоўнікамі музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Яна падрабязна апісала юныя гады, падзялілася звесткамі аб планіроўцы, экспазіцыях палаца-музея, асобных музейных прадметах, парку, а таксама аб цяжкіх умовах эвакуацыі музейных каштоўнасцей у пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Гомель для мяне назаўжды застаецца адкрытай, незагойнай ранай. Я заўсёды памятаю яго", - пісала Анжаліка Маланьіна.

Арганізатары адзначаюць, што новая выстава стане цікавай прагулкай па старонках памяці.-0-

https://blr.belta.by/culture/view/u-atmasferu-mizhvaennaga-chasu-hh-stagoddzja-peranjase-vystava-u-g...