Навіны

У Беларусі ў новым навучальным годзе атрымліваць дашкольную адукацыю будуць амаль 425 тыс. дзяцей

У Беларусі ў новым навучальным годзе атрымліваць дашкольную адукацыю будуць амаль 425 тыс. дзяцей, паведаміла журналістам кансультант упраўлення дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Любоў Гарэлава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прадугледжваецца, што ў 2021/2022 навучальным годзе ў сістэме адукацыі будзе функцыянаваць 2936 устаноў дашкольнай адукацыі. Колькасць выхаванцаў у іх складзе амаль 425 тыс. чалавек", - расказала Любоў Гарэлава.

Паводле яе слоў, забяспечваецца на 100 працэнтаў ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы. "Ахоп дзяцей ад 1 года да 6 гадоў за апошнія пяць гадоў таксама значна павялічыўся - з 75 працэнтаў у 2016 годзе да 85,3 працэнта ў мінулым навучальным годзе. Даступнасць дашкольнай адукацыі забяспечваецца за кошт рэалізацыі шэрага розных мерапрыемстваў, што дало магчымасць за 5 гадоў стварыць каля 40,5 тыс. дадатковых месцаў для дзяцей дашкольнага ўзросту", - адзначыла кансультант упраўлення.

Любоў Гарэлава звярнула ўвагу, што даступнасць дашкольнай адукацыі забяспечваецца не толькі за кошт будаўніцтва. "Дадатковыя месцы ва ўстановах дашкольнай адукацыі забяспечваюцца за кошт прыняцця іншых мер. Гэта прадастаўленне месцаў дзецям дашкольнага ўзросту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пры будаўніцтве вучэбна-педагагічных комплексаў, рэканструкцыі будынкаў пад установы дашкольнай адукацыі, перапрафіляванні памяшканняў іншых устаноў адукацыі. Ужо ў 2021 годзе адкрыта 5 новых устаноў дашкольнай адукацыі на 959 месцаў - у Брэсце, Паставах, Мазыры, Гродне і Мінску. Да канца 2021 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ 7 устаноў дашкольнай адукацыі на 1270 месцаў. Гэта ўстановы будуць адкрыты ў Мінскай і Магілёўскай абласцях, горадзе Мінску".-0-