пр. Леніна, 14
Забудова пр. Леніна,
г. Гомель, пр. Леніна, 14
Дом №14 на скрыжаванні з вул. Сялянскай складаецца з двух аб'емаў, што дапасуюцца адзін да аднаго пад тупым вуглом. Аб’ем з боку праспекта мае пяць, а з боку вул. Сялянскай – чатыры паверхі, але ен больш працяглы ў даўжыню. 3 папярэднім домам №12 будынак злучаны парталам з аркай і каланадай. Урачысты дэкор фасадаў ствараюць класіцыстычныя элементы з савецкай сімволікай.
Фасад з боку праспекта падзелены на ярусы карнізамі і рустам. На ніжнім – карніз пад вокнамі 2-га паверха, гарызантальны руст – аконныя праемы аформлены веерным замком і адпаведным рустам. Бакавыя прасценкі ўпрыгожаны нішамі з рэльефнымі выявамі кніг, скруткаў і дубовых галін. Сярэдні ярус – 2-4 паверхі, дробны прамавугольны руст – вылучаны двума стылізаванымі порцікамі (лапаткі, пілястры, гірлянды, карніз з дэнтыкуламі), якія на 3-4 паверхах змяшчаюць балконы (балюстрада, кранштэйн). Верхні ярус – атыкавы паверх – мае масіўны карніз, парапет з балюстрадай і абеліскамі.
Фасад па вул. Сялянскай мае два ярусы, аднак дапоўнены дзвюма ўваходнымі групамі. Яны акцэнтаваны парталамі другога яруса, аб’яднанымі трохвугольным шчыпцом, які вянчаюць акратэрыі з выявамі ліры, пальмет і валют. Дэкор першага яруса паўтарае дэкор галоўнага фасада. Дваравыя фасады аформлены прафіляванай цягай.
Прадвеснікам праспекта Леніна была вуліца Рэчыцкая – самая шматлюдная ў XVI–XVIII стст., – якая вяла да павятовай Рэчыцы. Сам праспект пачаў складвацца ў пачатку XIX ст., калі М.П. Румянцаў распачаў грандыезную перапланіроўку горада. Пасля з’яўлення ў Гомелі чыгункі вуліца злучыла дзве галоўных плошчы – Саборную (зараз – Леніна) і Вакзальную. Да 1917 г. яна была забудавана 1-2-павярховымі каменнымі і драўлянымі дамамі рознага прызначэння.
Праспект Леніна (з 1960 г. – у гонар 90-годдзя В.І. Леніна, раней – вуліца Замкавая (канец XIX ст.), Луначарскага (з 1923 г.), Камсамольская (з 1930-х гг.)) быў у гады Вялікай Айчыннай вайны амаль цалкам зруйнаваны. Новая забудова ўтварыла даволі цэласны гарадскі архітэктурны ансамбль. Жылы дом № 14 быў пабудаваны ў 1954 г. для прадпрыемства «Гомсельмаш». Праект распрацаваў архітэктар Уладзімір Адамавіч Караль, які прымаў удзел у пасляваенным аднаўленні беларускіх гарадоў. Дзіцячая бібліятэка на першым паверсе была запраектавана адразу.
Праспект Леніна, дом №14. Здымак 1950-х гг. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект».
Праспект Леніна, дом №14. Здымак 2012 г.
Праспект Леніна, дом №14. Здымак 2023 г.