пр. Леніна, 22
Забудова пр. Леніна
г. Гомель, пр. Леніна, 22
Праспект Леніна пачаў фарміравацца ў XIX ст. Пасля з’яўлення ў Гомелі чыгункі вул. Замкавая (тагачаснае найменне) стала промнем, што злучыў дзве гарадскія плошчы – Саборную (зараз – Леніна) і Вакзальную. Сваю сучасную назву ен атрымаў у 1960 г. Дарэвалюцыйная забудова пад час Вялікай Айчынай вайны была амаль цалкам знішчана. На яе месцы паўсталі новыя дамы, якія ўтварылі цэласны архітэктурны ансамбль. У афармленні экстэр'ераў былі аб’яднаны матывы класіцызму і богаты дэкор з савецкай сімволікай.
Цэнтральная частка квартала па цотным баку праспекта Леніна, абмежаванага вуліцамі Карповіча і Сялянскай, у сваей аб'емна-прасторавай пабудове ўяўляе сабой курданер са скверам, утвораны за лік жылых дамоў №20, 22 і 24. Дом № 22 з'яўляецца цэнтрам кампазіцыі. Ен быў пабудаваны ў 1957 г. і першапачаткова не меў аб’ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння. Ансамблевая (з некаторымі нюансамі) стылістыка рашэння адзначаных будынкаў дазваляе меркаваць, што аўтарам іх праектаў мог быць адзін архітэктар – Хінчын Шалом Іенавіч, які дакладна распрацаваў дом №20 і асабіста або ў сааўтарстве ўдзельнічаў у распрацоўцы шматлікіх праектаў грамадзянскага прызначэння ў Гомелі.
5-павярховы дом № 22 мае прамавугольную планіроўку і галоўным фасадам арыентаваны на праспект. Кампазіцыя галоўнага фасада мае сіметрычную пабудову, пры гэтым падзяляецца на два ярусы. Першы ярус (1-3-і паверхі) мае неглыбокую рустоўку сцяны над шырокім цокалем і аддзяляецца ад другого яруса (4-5-ы паверхі) вузкай прафіляванай цягай. Вертыкальную дынаміку на ўзроўні першага яруса надаюць парныя рызаліты. Яны фланкіруюць кожны з трох пад'ездаў, і на ўзроўні 4-га паверха завяршаюцца балконамі з тумбамі і балюстраднымі ўстаўкамі. На другім ярусе вертыкаль працягваецца за кошт падвоеных пілястраў з карынфскімі капітэлямі і завяршаецца трохвугольнымі франтонамі з прафіляванымі карнізамі і стужкай дэнтыкул. Паміж сярэднімі пілястрамі пад франтонамі размешчаны арачныя вокны пад’ездаў, якія маюць паўцыркульныя апраўленні з рэльефным арнаментам.
Сярод іншых элементаў дэкору выкарыстаны арнаментаваныя стужкі з расліннымі матывамі ў верхняй частцы рызалітаў, аздабленне ўваходных дзвярэй у пад'езды прафіляванымі цягамі, карнізамі, філенгамі і разеткамі, балюстрады падвоеных балконаў другога паверха.
Праспект Леніна, дом №22. Праект курданера 1950-х гг. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект».
Праспект Леніна, дом №22. Здымак 1950-х гг. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект».
Праспект Леніна, дом №22.