пр. Леніна, 51
Будынак «Дом-Камуны»
г. Гомель, пр. Леніна, 51
Дом №51, ці дом-камуна, – самы вядомы сярод твораў Станіслава Данілавіча Шабунеўскага. Ен прэзентаваўся, як візітная картка г. Гомеля, таму, па задумцы архітэктара, абавязкова павінен быў успрымацца як паблізу, так і здалек. У БССР гэта была першая спроба стварэння дома-комплекса з памяшканнямі рознага грамадска-бытавога прызначэння.
Будынак у стылі канструтывізму ўяўляе сабой П-падобны ў плане аб'ем сіметрычна-восевой пабудовы. Выразнасць прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэчнем 7-павярховых вуглавых аб'емаў з цэнтральным і бакавымі 6-павярховымі аб'емамі. Кампазіцыя фасадаў сіметрычная, заснаваная на падзеле рызалітамі, лапаткамі, вертыкалямі з лоджыямі. Цэнтральныя рызаліты галоўнага і бакавых фасадаў маюць ступенчатыя атыкі. Вуглавыя аб’емы будынка ўзняты на паўпаверхі і значна заглыблены ў бок двара.
Архітэктар упершыню выкарыстаў для шматкватэрнага дома схему жылля гасцінічнага тыпу (больш танную, чым жыллле секцыйнага тыпу). П-падобная пабудова і «светлавыя кішэні» зрокава здымалі напружанасць ад працягласці калідорнай планіроўкі. На 2-6-м паверхах былі размешчаны 172 жылыя ячэйкі з 2-3 пакоямі і міні-кухнямі. На кожным паверсе былі прадугледжаны пакоі адпачынку і санвузлы. Паміж лесвічнымі маршамі знаходзіўся ліфт. Першы паверх прызначаўся для сталовай, бібліятэкі-чытальні, дзіцячай дашкольнай установы і інш. У цокальным паверсе знаходзіліся бытавыя памяшканні, у тым ліку, пакоі для прання і сушкі бялізны.
Дом быў пабудаваны ў 1927 – 1931 гг. для працоўных вагонарамонтнага завода. Аднак пры засяленні будынка ідэя дома, як сродка фармавання новага сацыялістычнага грамадства, не здзейснілася. Новыя жыхары не імкнуліся да «абагульнення побыту», і ў хуткім часе шмат якія з памяшканняў на першым паверсе былі перададзены ўстановам гандлю. У гады Вялікай Айчынай вайны будынак пацярпеў. У 1946 – 1949 г.г. ен быў адноўлены, доўгі час выкарыстоўсваўся, як інтэрнат. Цяпер выкарыстоўваецца як жылы дом з убудаванымі аб'ектамі сацыяльна-бытавога прызначэння.
Праспект Леніна, дом №51. Здымак 1950-х гг.
Праспект Леніна, дом №51. Здымак 1970 - 1980-х гг.
Праспект Леніна, дом №51. Здымак 2010-х гг.
Праспект Леніна, дом №51. Здымак 2023 гг.