пр. Леніна, 63
Забудова пр. Леніна.
г. Гомель, пр. Леніна, 63
Дом № 63 знаходзіцца на рагу Прывакзальнай плошчы і праспекта Перамогі, мае ў плане трапецыяпадобную форму. Вуглавыя часткі уяўляюць сабой неглыбокія рызаліты. Вулічныя фасады падзяляюцца на два ярусы, прычым ніжні (1-2-і паверхі) дэкарыраваны глыбокім рустам, адасоблены прафіляванай цягай. Пад дахам праходзіць прафіляваны карніз і пояс дэнтыкул.
Асноўная ўвага пры аздабленні ніжняга яруса з боку Прывакзальнай плошчы была нададзена вітрынам-эркерам на 1-м паверсе. Яны аформлены ў выглядзе трапецыяпадобных у плане порцікаў на паўкалонах, накрытых шырокімі антаблементамі. Да іх дапасуюцца парталы-ўваходы з боку плошчы і вітрынныя эркерныя прамавугольныя вокны вуглавых частак.
Галоўным акцэнтам верхняга яруса стала аздабленне рызалітаў. Восі сіметрыі фасадаў з кожнага боку вызначаны пластычнымі імітацыямі трохчасных порцікаў. Іх бакавыя часткі (3-і паверх) уяўляюць сабой аконную ліштву з пілястраў з філенгамі і шырокімі прафіляванымі сандрыкамі. Яны фланкіруюць арку з архівольтам (4-ы паверх) з геаметрычным арнаментам, што абапіраецца на састаўныя пілястры. Прасценак паміж 3-4 паверхамі аздоблены круглым медальенам, балкон на 3-м паверсе – каванай агароджай. Такія ж аркі паўтараюцца на цэнтральнай частцы, аднак без балконаў, якія тут размяшчаюцца на кожным з паверхаў па адпаведнаму рапарту.
Праспект Леніна злучае гістарычны цэнтр города з чыгуначным вакзалам. Вуліца пачала фарміравацца ў XIX ст., але ў гады Вялікай Айчыннай войны была амаль цалкам зруйнавана. Пасляваенная забудова ўтварыла даволі цэласны архітэктурны ансамбль у стылі так званага «сталінскага ампіру».
Дом з'яўляецца характэрным прыкладам жылой архітэктуры 1950-х гг. з убудаванымі аб'ектамі сацыяльнага прызначэння. Яго праект распрацаваў архітэктар Валянцін Піліпавіч Ждановіч ў адзіным компексе з Прывакзальнай плошчай. Будаўніцтва было завершана ў 1958 г., у эксплуатацыю дом быў здадзены ў 1960 г. для працаўнікоў Гомельскага электратэхнічнага завода. Зараз на 1-ым паверсе знаходзіцца некалькі гандлевых кропак.
Праспект Леніна, дом №63. Выгляд з Прывакзальнай плошчы. Здымак 1967 г. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект»Праспект Леніна, дом №63. Выгляд з Прывакзальнай плошчы. Здымак 1980-х гг. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект»
Праспект Леніна, дом №63. Выгляд з Прывакзальнай плошчы. Здымак 2012 г.
Праспект Леніна, дом №63. Фрагмент дэкора вуглавой часткі будынка. Здымак 2012 г.
Праспект Леніна, дом №63. Выгляд з Прывакзальнай плошчы. Здымак 2023 г.