пл. Прывакзальная, 4

Палац культуры чыгуначнікаў
г. Гомель, пл. Прывакзальная, 4

Будынак Палаца культуры чыгуначнікаў з’яўляецца адной з архітэктурных дамінант Прывакзальнай плошчы, афармляе яе паўдневы бок і складаецца з трох выразна вылучаных паводле функцыянальнага прызначэння аб’емаў: тэатральна-канцэртнай залы з дапаможнымі памяшканнямі, клубнай часткі і спартыўнай залы, якія злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць унутраны дворык.

Кожнаму з фасадаў палаца нададзены рысы ўрачыстасці. Яны падзелены на два ярусы – ніжні (1-ы паверх, прамавугольная рустоўка) і верхні (2-3-і паверхі, прасценкі з рустоўкай такога ж тыпу). У дэкоры шырока ўжыты калоны і пілястры іанічнага ордэра. Усе вокны прамавугольныя, на першым паверсе аздоблены замкавымі каменнямі, пад вокнамі трэцяга паверха месцяцца падаконныя нішы. Па перыметры будынка праходзіць карніз з дэнтыкуламі.

Фасад з боку вул. Кісялева аформлены трыма вузкімі рызалітамі (цэнтральны вылучаны пілястрамі), завершанымі прамавугольнымі атыкамі. На ўзроўні другога паверха клубная частка злучана праз крыты пераход з 2-павярховым аб’емам спартыўнай залы з лесвічным атыкам. Уваход у вуглавы паўкруглы аб’ем клубнай часткі на рагу плошчы і вул. Кісялева фланкіраваны калонамі. На другім паверсе аб’ема – лоджыя-тэраса з балюстрадай. Вянчае гэтую частку фасада лесвічны атык. У кампазіцыі з боку плошчы дамінуе аб’ем тэатральна-канцэртнай залы, які выступае за чырвоную лінію фасада і змяшчае галоўны ўваход – класіцыстычны порцік з іанічнымі калонамі і пілястрамі, завершаны трохвугольным франтонам і карнізам з дэнтыкуламі. На верхнім ярусе балюстрадныя падваконні дапаўняюць вокны са стужкавым шкленнем. Фасад завершаны балюстрадным парапетам. На фасадзе з боку вул. Прывакзальнай дамінуе шырокі рызаліт, уваходная група якога ў цэнтры аформлена чаргаваннем стужкавых вокнаў і пілястраў, а вянчае яго атыкавы паверх з балюстрадным парапетам.

Мастацкую каштоўнасць мае і аздабленне інтэр’ераў, якія апрацаваны мармурам, тынкоўкай, гіпсам. Як і ў экстэр’еры, тут выкарыстаны пераважна элементы класічнага стылю.

Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў імя У. I. Леніна за час існавання зведаў некалькі рэканструкцый. Аўтарам першапачатковага праекта быў архітэктар А.Кірылаў. Узводзіўся будынак ў 1926 – 1930 гг. Знешні выгляд быў вырашаны ў дамінуючым у той час стылі канструктывізму. Падчас Вялікай Айчынай вайны ў выніку моцнай бамбежкі Палац быў часткова разбураны.

Пасля вайны праект рэканструкцыі выканала Кіеўская праектная кантора аб’яднання «Саюзтранспраект» (аўтар – архітэктар І. Пестракоў). Быў кардынальна зменены экстэр’ер фасадаў, часткова – унутраная планіроўка. У афармленні будынка, як і ў забудове ўсей Прывакзальнай плошчы і вул. Камсамольскай (цяпер – пр. Леніна), стаў дамінаваць неакласіцызм. Рысы кантруктывізму захаваў толькі аб’ем кінатэатра (цяпер – спартыўная зала). Аднаўленчыя работы скончыліся ў 1950 г.

Працяглы час у Палацы працаваў знакаміты беларускі балетмайстар, ганаровы грамадзянін горада Гомеля, Народны артыст БССР Аляксандр Аляксеевіч Рыбальчанка (1911 – 2002). Ен вучыўся ў тэатральнай студыі пры Гомельскім ТРАМе (1931 – 1935 гг.) пад кіраўніцтвам К. Алексютовіча і Я. Міровіча. Удзельнік Вяликай Айчынай вайны, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалем «За баявыя заслугі». У 1935 – 1937 гг. – акцер Гомельскага калгасна-саўгаснага Тэатра. З 1936 па 1941 гг. і з 1945 па 1958 гг. А.А. Рыбальчанка кіраваў танцавальным калектывам клуба чыгуначнікаў. У 1958 – 1982 гг. – балетмайстар і мастацкі кіраўнік Гомельскага народнага ансамбля песні і танца. Адначасова, у 1945 – 1982 гг. – мастацкі кіраўнік Гомельскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў ім. У.І. Леніна. У 1959 г. А.А. Рыбальчанка першаму з кіраўнікоў самадзейных мастацкіх калектываў БССР было прысвоена званне «Народны артыст БССР». У 1960 г. ансамбль песні і танца Палаца культуры чыгуначнікаў першым у рэспубліцы атрымаў званне «Народны самадзейны калектыў». Майстар шырока выкарыстоўваў і развіваў багацце народнай харэаграфіі.

У 1998 г. пачалася чарговая планавая рэканструкцыя будынка.

У 2000 г. на базе Палаца культуры чыгуначнікаў быў створаны культурна-спартыўны комплекс РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі». У выніку рэканструкцыі ў аб’емах былога кінатэатра створаны спартыўны комплекс, пашыраны плошчы тэатральна-канцэртнай залы. 6 мая 2011 г. палац адчыніў дзверы пасля рэканструкцыі. Сярод клубных аб’яднанняў, студый, аматарскіх калектываў і г.д., што дзейнічаюць на яго базе, шэраг мае ганаровыя найменні «народны» і «узорны» – Народны хор ветэранаў вайны і працы, Народны вакальны ансамбль «Гамяльчанка», Народная студыя сучаснага балета «Тандэм», Народны тэатр музыкальных асацыяцый «Атман», Народная студыя эстраднай несні «Санорэ», Узорны ансамбль танца «Дружба».

У 2023 г. будынак перайшоў да Гомельскай абласной філармоніі.

image001.jpgАляксандр Аляксандравіч Рыбальчанка (1911-2002) – беларускі савецкі балетмайстар, Народны артыст БССР (1959), Ганаровы грамадзянін Гомеля (1988). Удзельнік Айчыннай вайны.

image002.jpgПрывакзальная плошча. Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў імя У.І. Леніна. Здымак 1934 г.

image003.jpgПрывакзальная плошча. Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў ім. У.І. Леніна. Здымак 1930-х гг.


image004.jpgПрывакзальная плошча. Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў ім. У.І. Леніна. Здымак 1950-х гг.


image005.jpgПрывакзальная плошча. Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў ім. У.І. Леніна. Здымак 1985 г.

image006.jpgПрывакзальная плошча. Культурна-спартыўны комплекс РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі».