Навіны

Чароўнасць папяровых карункаў. Першы абласны пленэр па выцінанцы праходзіць у Гомелі


Адкрыты абласны конкурс-пленэр па выцінанцы ўпершыню стартаваў у Гомелі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Творчай пляцоўка, дзе майстры па 24 мая будуць увасабляць свае задумы і ідэі, стаў Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці.

Форум аб'яднаў удзельнікаў з Брагінскага, Гомельскага, Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Чачэрскага раёнаў Гомельскага рэгіёна, а таксама з самога абласнога цэнтра і Мінска.

Прысвечаны пленэр 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

"Выцінанка - гэта хараство ад працы рук людскіх. А менавіта гомельская выцінанка вылучаецца сярод іншых сваімі сюжэтамі, гісторыямі - яны больш пяшчотныя, хвалюючыя, цёплыя", - падзялілася дырэктар цэнтра Наталля Сафрановіч.

На адкрыцці яна выказала ўпэўненасць, што конкурс у будучым стане традыцыйным і заваюе сэрцы і майстроў, і аматараў мастацтва.

На працягу конкурсных дзён удзельнікі прэзентуюць жыхарам і гасцям горада над Сожам калекцыі сваіх твораў, выкананых у тэхніцы выцінанкі, а таксама будуць ствараць конкурсную работу на адну з зададзеных тэм. Гэта і 80-годдзе вызвалення Беларусі, і Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і міфы і легенды Беларусі, і абрадавыя святы народнага календара, і вобразы чалавека ў традыцыйнай культуры.

Акрамя таго, 22 і 23 мая з 14.00 да 17.00 жыхары Гомеля змогуць пад кіраўніцтвам майстроў асвоіць асновы стварэння выцінанкі. Майстар-класы пройдуць у абласным цэнтры народнай творчасці.

Фінальным акордам форуму стане экспазіцыя лепшых конкурсных работ у выставачнай зале ўстановы (па вул. Ірынінская, 19). Паводле слоў кіраўніка, у будучым работы майстроў прадставяць і ў Маскве.

Конкурс-пленэр нацэлены на папулярызацыю традыцыі выцінанкі - элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў, а таксама беражлівае захоўванне і развіццё традыцый Гомельскай вобласці. "Пленэр дае магчымасць майстрам абмяняцца тэхнікамі, вопытам, натхніцца і затым рэалізаваць новыя ідэі і праекты", рэзюмавала Наталля Сафрановіч.

БЕЛТА - Навiны Беларусi