Навіны

Дзевяць новых пляжаў адкрыюць у Гомельскай вобласці

25 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Дзевяць новых пляжаў адкрыюць у Гомельскай вобласці ў гэтым годзе, паведаміў на апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме старшыня абласной арганізацыі АСВОД Павел Новік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У 2022 годзе адкрываюцца 9 новых камунальных пляжаў - у Савецкім, Чыгуначным раёнах Гомеля, Лоеўскім, Мазырскім, Буда-Кашалёўскім, Хойніцкім і тры ў Гомельскім раёнах. Уводзіцца 6 новых выратавальных пастоў. Два ў Гомельскім, а таксама ў Буда-Кашалёўскім, Лоеўскім, Мазырскім, Хойніцкім раёнах", - расказаў Павел Новік.

У цэлым жа ў купальны сезон у рэгіёне людзі змогуць адпачыць на 52 пляжах - 45 камунальных і 7 ведамасных. За бяспекай на вадзе будуць сачыць 15 выратавальных станцый, манеўрана-пошукавая група, 13 пастаянна дзеючых пастоў, 15 сезонных выратавальных пастоў.

На станцыях і пастах рыхтуюцца да купальнага сезона. Атэставаны штатныя работнікі. "Праводзім падбор і падрыхтоўку сезонных матросаў-ратавальнікаў. Плануем прыняць на работу 155 чалавек. У тым ліку чацвёрты год запар будзе працаваць і адзіны ў рэспубліцы студэнцкі сэрвісны атрад ратавальнікаў", - падкрэсліў старшыня абласной арганізацыі АСВОД.

Акрамя таго, у раёнах заключылі дагаворы на вадалазнае абследаванне і ачыстку ад старонніх прадметаў падводнай акваторыі пляжаў. "Аднак на гэты момант ідзе рэзкі пад'ём узроўню вады, практычна ўсе пляжы вобласці затоплены і праводзіць цяпер абследаванне немэтазгодна", - адзначыў Павел Новік. Ваганні ўзроўню вады будуць прыносіць і смецце, і гэту работу давядзецца выконваць зноў, растлумачыў ён.

Паводле інфармацыі кіраўніка, у рэгіёне гаррайвыканкамы вызначылі 460 месцаў, забароненых для купання, у тым ліку і 317 найбольш патэнцыяльна небяспечных.

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко паставіў задачу адказным службам: зрабіць усё неабходнае, каб правядзенне вольнага часу на вадаёмах было бяспечным. Пры гэтым і самі адпачывальнікі павінны ўсведамляць сваю адказнасць і дакладна ведаць і разумець наступствы купання ў забароненых месцах.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi