Навіны

Губернатар Магаданскай вобласці разлічвае, што беларуская тэхніка заменіць у рэгіёне японскую

Губернатар Магаданскай вобласці Сяргей Носаў разлічвае, што беларуская тэхніка заменіць у рэгіёне японскую. Аб гэтым ён заявіў журналістам пасля праведзеных 13 лістапада ў Маскве перагавораў з паслом Беларусі ў Расіі Дзмітрыем Крутым і старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У аснове нашага рэгіёна - горназдабыўная галіна. Нам патрэбна цяжкая тэхніка. Гэта і аўтамабілі для перавозкі руды, і цяжкія бульдозеры, экскаватары, і проста перавозка грузаў па тэрыторыі Магаданскай вобласці, гэта і беларускія трактары, гэта, як ні дзіўна можа для кагосьці здацца, і сельская гаспадарка", - сказаў губернатар Магаданскай вобласці.

"З аднаго боку ёсць патрэбнасць, а з другога - унікальная магчымасць, звязаная з санкцыямі, адыходам розных кампаній. Ёсць магчымасці бізнесу заняць гэтыя нішы і развівацца вельмі актыўна. У нас ёсць вопыт выкарыстання цяжкай тэхнікі і сэрвіснага абслугоўвання, але гэта ўсё рабілася пад японскую тэхніку. Сёння ёсць магчымасць таксама арганізаваць работу па беларускай тэхніцы. Ад гэтай ідэі мы павінны зрабіць крокі да дарожнай карты па яе рэалізацыі", - адзначыў Сяргей Носаў. Ён падкрэсліў, што такія крокі павінны быць зроблены да яго візіту ў Беларусь і сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, якія намечаны на першую палавіну будучага года. "Мы павінны зрабіць Прэзідэнту Беларусі канкрэтныя прапановы", - падкрэсліў губернатар.

Паводле яго слоў, Магаданская вобласць зацікаўлена таксама ў пастаўках беларускіх прадуктаў харчавання. "Якасць беларускіх прадуктаў харчавання - адна з самых высокіх у Еўропе, калі не ў свеце", - заўважыў Сяргей Носаў. Са свайго боку Магаданская вобласць гатова пастаўляць у Беларусь марскія біярэсурсы.

Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва кіраўнік расійскага рэгіёна назваў аздараўленне і адпачынак жыхароў Магаданскай вобласці ў Беларусі. "Беларусь - гэта якасна, камфортна і бяспечна, а сёння гэта вельмі важна", - канстатаваў ён. Сяргей Носаў прапанаваў ужо ў наступным годзе арганізаваць пробныя групы, у тым ліку дзіцячыя, для адпачынку ў Беларусі.

000021_1699890371_134589_big.jpg