Навіны

Іракскія інвестары зацікаўлены ў будаўніцтве гандлёвых цэнтраў і жылля ў Гомелі

Іракскія інвестары зацікаўлены ў будаўніцтве камерцыйнай нерухомасці і жылля ў Гомелі. Гаворка пра гэта ішла на сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя і ганаровага консула Беларусі ў горадзе Арбіл Фуада Хамада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА Фуад Хамад адзначыў, што іракскія інвестары гатовыя дзяліцца вопытам будаўніцтва буйных гандлёва-забаўляльных цэнтраў, прыватных і шматпавярховых жылых комплексаў. Выбраўшы прыдатныя зямельныя ўчасткі, інвестары змогуць зрабіць больш канкрэтныя прапановы. "Пераважней ўчасткі, дзе адначасова можна будаваць і жыллё, і гандлёва-забаўляльныя цэнтры", - сказаў консул. Паводле яго слоў, іракскія кампаніі разглядаюць магчымасць развіваць бізнэс у Беларусі.

Генадзь Салавей расказаў аб патэнцыяле Гомельскай вобласці, запрасіў паўдзельнічаць у Гомельскім эканамічным форуме ў маі гэтага года. "Выгаднае геаграфічнае становішча рэгіёну - вобласць мяжуе з Расіяй і Украінай - робіць яго асабліва прывабным для інвестара. У тым ліку для рэалізацыі буйных будаўнічых праектаў", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Бакі абмеркавалі і магчымыя пляцоўкі пад забудову для ірацкіх інвестараў у абласным цэнтры. Вывучыць прапановы госці змаглі з выездам на месца.

"Вынікі сустрэчы нас задаволілі. Бачым жаданне мясцовых уладаў прыцягнуць замежныя інвестыцыі. Упэўнены, што бакі знойдуць агульныя падыходы па праектах будаўніцтва камерцыйнай нерухомасці і жылля", - падсумаваў Фуад Хамад.

Знешнегандлёвы абарот прадпрыемстваў Гомельскай вобласці з Іракам па выніках 2019 года ацэньваецца ў $20,6 млн. (тэмп росту да 2018-га - амаль 182%) і прадстаўлены экспартам вырабаў з чорных металаў БМЗ, леса - і піламатэрыялаў, вырабаў з драўніны.

БЕЛТА