Навіны

Крупко: работа па паляпшэнні даступнасці і ўмоў аказання неадкладнай меддапамогі бесперапынная

1 ліпеня, Петрыкаў /Кар. БЕЛТА/. Работа па паляпшэнні даступнасці і ўмоў аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі жыхарам Гомельскага рэгіёна ідзе бесперапынна. Аб гэтым заявіў 30 чэрвеня старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на адкрыцці абноўленага акушэрска-гінекалагічнага корпуса Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Губернатар адзначыў: у рэгіёне выбудавана дакладная праграма на пяцігодку, якая датычыцца медыцынскага абслугоўвання. "У ёй распісаны і бальніцы абласнога цэнтра, і раённых цэнтраў, дзе паступова будзе развівацца той ці іншы напрамак, каб установы не дубліравалі адна адну, каб людзі разумелі, што закрывае мясцовы ўзровень, што - буйныя райцэнтры, такія як Мазыр, Рэчыца, і што на сябе бярэ абласны цэнтр", - растлумачыў ён. 

Паводле слоў кіраўніка вобласці, гэта планавая работа па будаўніцтве, рэканструкцыі аб'ектаў, паступленні абсталявання. "Работа па паляпшэнні даступнасці і ўмоў аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі жыхарам нашага рэгіёна бесперапынная", - падкрэсліў ён. 

Так, завяршаецца рэканструкцыя Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі - тут высокая ступень гатоўнасці, пастаўляецца апошняе абсталяванне, удакладніў губернатар. Плануецца, што работы будуць завершаны да 9 верасня - да Дня горада.

Прадаўжаецца мадэрнізацыя 3-й гарадской бальніцы абласнога цэнтра, пасля заканчэння якой увядуць яшчэ 5 аперацыйных залаў з новым абсталяваннем.

Запланаваны будаўніча-мантажныя работы для размяшчэння двух новых ангіяграфічных апаратаў у абласным кардыялагічным цэнтры і Жлобінскай ЦРБ. 

"Па даручэнні міністра аховы здароўя за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту набываем для кардыяцэнтра дарагія апараты УГД экспертнага класа і тры сістэмы штучнага кровазвароту на агульную суму больш за Br3,5 млн", - дадаў Іван Крупко.

Здароўе - галоўнае багацце чалавека, адзначыў губернатар. "Падтрымліваць яго - абавязак кожнага з нас. Дзяржава стварае для гэтага ўсе ўмовы: ад спартыўных збудаванняў для заняткаў фізічнай культурай да самых сучасных устаноў аховы здароўя", - рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.-0-

http://www.gomel-region.by/by/society-by/view/krupko-rabota-pa-paljapshenni-dastupnastsi-i-umou-akaz...