Навіны

Намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў правёў прыём грамадзян

Гамяльчанка Тамара Станіславаўна, якая жыве на вуліцы імя К. Ракасоўскага, звярнулася з просьбай разгледзець магчымасць устаноўкі ў абласным цэнтры помніка маршалу Перамогі. Дарэчы, раней яна ўжо накіроўвала ліст з просьбай на разгляд кіраўніцтву вобласці, але падчас прыёму вырашыла асабіста пацікавіцца лёсам звароту. Пытанне знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі. Трэба вызначыць месца ўстаноўкі і крыніцы фінансавання. Датычна апошняга – разглядаюцца варыянты прыцягнення расійскага боку, пра што ішла размова ў рамках візіту ў Гомель Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі Барыса Грызлова.

Вячаслаў Леанідавіч звярнуўся з пытаннем аб правядзенні МРЭК, паводле заявы, напісанай ім яшчэ ў маі мінулага года, для атрымання экспертнага заключэння аб стане яго здароўя. Ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, атрымаў інваліднасць і разлічвае на афіцыйнае прызнанне яго статусу ўдзельніка і прызначэнне яму адпаведнай пенсіі.

З прапановай аб садзейнічанні ў развіцці хакея ў вобласці выступіў Ігар Пятровіч, які з'яўляецца даўнім прыхільнікам гэтага віду спорту. У яго асабістай калекцыі шмат знакавых рэчаў: фатаграфіі з аўтографамі знакамітых хакеістаў, іх асабістыя рэчы, а таксама спартыўная атрыбутыка, якую ён гатовы перадаць у музей спартыўнай славы ў якасці экспанатаў. Дзмітрый Алейнікаў пахваліў ініцыятыву, прапанаваў паўдзельнічаць гамяльчаніну ў маладзёжных дыялогавых пляцоўках, каб на асабістым прыкладзе данесці да юнага пакалення ўсю каштоўнасць і значнасць захаплення спортам.

ГОМЕЛЬСКІ АБЛВЫКАНКАМ. АФIЦЫЙНЫ ПАРТАЛ