Навіны

Патрыятычная акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!" адбылася ў Гомелі

Гомельскі гарадскі этап усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» прайшоў напярэдадні святкавання Дня Канстытуцыі, паведамляе newsgomel.by.

Больш за дваццаць юнакоў і дзяўчат атрымалі свае першыя пашпарты ва ўрачыстай абстаноўцы ля помніка камсамольцам-падпольшчыкам. Гэта 14-гадовыя гамяльчане, якія дасягнулі высокіх дасягненняў у вучобе, спорце і грамадскім жыцці, – актывісты, валанцёры, пераможцы і ўдзельнікі алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і розных конкурсаў.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Віталь Атаманчук, старшыня праўлення Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Цімафей Глушакоў і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аэліта Самсонава.

70ba91ace7fb3137486235f4806e7f20.jpg

Акрамя пашпартоў, маладыя людзі атрымалі ў падарунак Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і маляўнічае ілюстраванае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь», а таксама сувеніры ад БРСМ.

Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі» штогод праходзіць па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Яе асноўная задача – знаёмства маладога пакалення з гісторыяй і значэннем сімволікі нашай краіны, дакументамі, асноўнымі законамі, правамі і абавязкамі грамадзяніна Беларусі. У гэтым годзе ў Гомельскай вобласці пашпарты атрымалі больш за 500 школьнікаў.

4c872712757475860761da4d983bbb2f.jpg

"Гомельскія ведамасці"