Навіны

Слова аб'ядноўвае: у Гомелі вызначылі лаўрэатаў міжнароднага конкурсу паэтычных перакладаў

У Гомелі падвялі вынікі творчага спаборніцтва, якое праходзіць пад патранатам Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзряжавы, - міжнароднага літаратурнага конкурсу паэтычных перакладаў "Беларусь - Расія. Сожскія берагі дружбы". Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі".

Беларуска-расійскі конкурс паэтычных перакладаў праводзіцца ўжо другі раз. Каменціруючы творчае спаборніцтва, вядомы беларускі літаратар, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў, што не кожны перакладчык асмеліцца ўзяцца за пераклад паэтычных святынь класікаў. "У іх вершах важна перакласці не толькі сэнс, але і тое, што спароджана натхненнем, - гармонію сэнсавага вобразу і гучання радка. Для гэтага парэбна не толькі смеласць і майстэрства, але і асаблівы дар інтэрпрэтатара, здольнасць пранікаць у глыбінную сутнасць нацыянальнай культуры, уменне спасцігнуць, пераўвасобіць магію слова", - адзначыў літаратар.

Умовы правядзення творчага спаборніцтва ў бягучым годзе былі ўскладнены, удакладніў ён. Калі мінулы раз творчым маладым беларусам і расіянам прапаноўвалася перакласці толькі па адным вершы класікаў, то ў бягучым годзе трэба было пераўвасобіць ужо цыкл паэтычных твораў на беларускую або рускую мовы. Пры гэтым актыўнасць аўтараў была ў разы вышэйшая, а геаграфія ўдзельнікаў распасціралася ад Брэста да Курылаў.

Міжнародны экспертны савет, у склад якога ўвайшлі вядомыя літаратары Беларусі і Расіі, адзначылі асаблівую зацікаўленасць маладых аўтараў у пазнанні роднасных моў і культур дзвюх краін і значны рост прафесіяналізму канкурсантаў.

У фінал перакладчыцкага конкурсу выйшлі 27 прадстаўнікоў Беларусі і Расіі. У выніку 10 фіналістаў сталі лаўрэатамі - іх вызначылі ў чатырох намінацыях. Беларускія ўдзельнікі перакладалі на беларускую мову вершы Расула Гамзатава. Першае месца ў Настассі Нарэйка з Камянца Брэсцкай вобласці. Маладыя перакладчыкі з рэгіёнаў Расіі пераўвасаблялі на рускую мову вершы Анатоля Грачанікава. Экспертны савет прызнаў безумоўнае лідарства за Дзмітрыем Несцярэнкам з Новамаскоўска Тульскай вобласці.

У спецыяльнай намінацыі "Суседзі. Бранская вобласць. Пераклады Анатоля Грачанікава на рускую мову" лепшымі былі прызнаны прадстаўніцы літаратурнага Бранска Наталля Мішына і Ганна Вароніна.

Яшчэ ў адной намінацыі ацэньвалі работы маладых аўтараў, якія пастаянна пражываюць у Гомельскай вобласці. Як адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч, перакладаючы творы Алі Шагенцукава на беларускую мову, удзельнікі аддалі даніну павагі і памяці савецкаму кабардзінскаму паэту, пісьменніку, заснавальніку кабардзінскай літаратуры, які загінуў у фашысцкім канцлагеры ў беларускім Бабруйску ў 1941 годзе. Лаўрэатам у намінацыі стала гамяльчанка Настасся Капнінава.

Фіналісты ўжо хутка атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Так, частку расійскіх перакладчыкаў, якія заваявалі другія і трэція месцы, будуць ушаноўваць у канцы ліпеня на партнёрскім фестывалі паэзіі і паэтычных перакладаў "Берагі дружбы" ў Растоўскай вобласці. А ўладальнікі першых месцаў ва ўсіх намінацыях і спецыяльных імянных дыпломаў ужо атрымалі запрашэнне на XXVIII Міжнародны фестываль-свята "Славянскія літаратурныя дажынкі". Чакаецца, што форум пройдзе ў Гомелі з 7 па 9 верасня. Паэтычныя пераклады лаўрэатаў будуць апублікаваны ў міжнародным альманаху "Літара. Литера. Літера". Разам з тым арганізатары пакуль захоўваюць інтрыгу і не называюць уладальніка Гран-пры II Міжнароднага конкурсу паэтычных перакладаў "Беларусь - Расія. Сожскія берагі дружбы". Яго імя стане вядома на ўрачыстым адкрыцці фестывалю-свята.

Паэтычнае спаборніцтва расійскіх і беларускіх перакладчыкаў ад 18 да 45 гадоў як частка "Славянскіх літаратурных дажынак" другі раз арганізавала Гомельскае абласное аддзяленне ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" пры падтрымцы саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі, Саюзнай дзяржавы, рэгіянальных органаў улады і іншых партнёраў.

 

БЕЛТА - Навiны Беларусi