Навіны

Сям'я з Украіны: мы ўдзячны беларусам за дапамогу і падтрымку

Гомель /Кар. БЕЛТА/. Мы ўдзячны беларусам за дапамогу і падтрымку. Такім меркаваннем падзяліліся з БЕЛТА муж і жонка Амяльчук, якія ўжо некалькі месяцаў жывуць у Гомелі.

Маладыя бацькі Кацярына і Вадзім з малышом Алежкам прыехалі з невялікага курортнага гарадка на беразе Азоўскага мора ў красавіку. "Тут у нас сваякі, таму адважыліся на такую дарогу, хоць малышу не споўнілася яшчэ і годзіка. Цяпер усё спакойна, усё добра. Уладкаваліся на работу, знялі кватэру. Адзінае - спатрэбіўся некаторы час, каб атрымаць мужу спецыяльны дазвол на работу", - расказала Кацярына.

Вадзім працаўладкаваўся на "Гомсельмаш". "Стаўленне добрае. Няма ніякай прадузятасці з-за таго, што мы прыехалі з іншай краіны. Роўныя з усімі ўмовы і адносіны. Ва Украіне працаваў аператарам станкоў з праграмным кіраваннем. І тут таксама па гэтай жа спецыяльнасці - увесь функцыянал знаёмы. Узялі мяне нават без выпрабавальнага тэрміну, як толькі даведаліся аб спецыяльнасці", - падзяліўся малады чалавек.

Мужчына гатовы прайсці навучанне, атрымаць новую спецыяльнасць, але пакуль для сям'і важна іншае. "Дарагі кожны дзень, важна забяспечыць сям'ю. Зарплата стабільная. Маёй зарплаты, дзякуй богу, хапае", - адзначыў ён.

Гэтай і іншым сем'ям, якія прыбылі з Украіны, аказваюць падтрымку арганізацыі Чырвонага Крыжа. Так, нядаўна спецыяльная тэрыторыя падтрымкі адкрылася на базе Чыгуначнай раённай арганізацыі Гомеля Беларускага Чырвонага Крыжа. Тут заўсёды гатовы выслухаць, дапамагчы і падтрымаць.

У арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Чыгуначнага раёна Гомеля ўжо дапамаглі больш як 80 грамадзянам Украіны. Не адмаўляюць у падтрымцы і тым, хто ўладкаваўся і ў іншых раёнах Гомеля.

"Мы атрымліваем рэчавую дапамогу ад Беларускага Чырвонага Крыжа. Вельмі каштоўна для нас падтрымка дзіцячым харчаваннем і падгузкамі. Гэта вельмі актуальна для нас, плюс яшчэ і бытавая хімія. Дзякуй вялікі", - падзякавала Кацярына.

Дарэчы, бацькі Кацярыны таксама працаўладкаваліся на "Гомсельмаш". "На прадпрыемстве ўсё складваецца ўдачна, нават гатовы выдзеліць пакой у інтэрнаце, але нас так шмат, яшчэ і з жывёламі. У нас вялікі сабака і кот. Баюся, гэта будзе не вельмі зручна", - з усмешкай адзначыла маладая маці. На шчасце, сям'і ўдалося даволі хутка знайсці прыдатны варыянт кватэры.

Думкі аб вяртанні дадому не пакідаюць, але ў рэальнасці ў бліжэйшы час муж і жонка плануюць заставацца ў Гомелі.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi