Навіны

Сямейны сельскагаспадарчы праект "Уладар сяла" стартуе ў Беларусі 15 мая

11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рэгіёнах Беларусі 15 мая стартуе новы сезон рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла". Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Вераніка Гудкова.

"У новым сезоне мы запускаем наш праект у Міжнародны дзень сям'і. Дзень выбраны намі невыпадкова, паколькі "Уладар сяла" заснаваны на ідэі ўмацавання інстытута сям'і і падтрымкі традыцыйных каштоўнасцей, - расказала Вераніка Гудкова. - У рэгіёнах у гэты дзень запланаваны абласныя і раённыя мерапрыемствы. Напрыклад, 15 мая ў Брэсце праект стартуе з анлайн-дыялогу "Сямейная крэпасць" з удзельнікамі абласнога фестывалю - злёту маладых сем'яў "Вера. Надзея. Любоў" і пераможцамі абласнога тура "Уладар сяла" розных гадоў, у Гомелі - з адкрытага дыялогу "Роля сям'і ў сучасным грамадстве". У Магілёве фіналісты праекта "Уладар сяла" запрошаны да ўдзелу ў абласным конкурсе "Маладая сям'я Магілёўшчыны". Мінская вобласць рыхтуе інтэрнэт-эстафету "Наказ ад фіналістаў і пераможцаў конкурсу розных гадоў".

Раённыя туры праекта пройдуць з 15 мая па 15 чэрвеня, абласныя - з 15 па 30 чэрвеня. "Паводле папярэдніх даных, на пачатковым этапе праект "Уладар сяла" аб'яднае каля 650 маладых сем'яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці", - дадала сакратар ЦК БРСМ.

Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект "Уладар сяла" стартаваў у 2007 годзе. Яркі і займальны праект, ініцыяваны моладдзю Глыбоцкага раёна, у 2008 годзе быў падтрыманы на рэспубліканскім узроўні і атрымаў пастаянную прапіску ва ўсіх рэгіёнах краіны. З 2009 года (Год роднай зямлі) праект "Уладар сяла" змяніў статус на рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект, галоўныя задачы якога - садзейнічанне замацаванню маладых сем'яў у вёсцы, узняцце прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, адраджэнне працоўных дынастый, папулярызацыя традыцый беларускай вёскі, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі.

Штогод праект рэалізуецца ў фармаце конкурсу ў тры асноўныя туры: раённы, абласны, рэспубліканскі фінал. Кожны год ён аб'ядноўвае сотні маладых сем'яў (муж і жонка не старэйшыя за 31 год, іх дзеці), якія пражываюць у сельскай мясцовасці не менш за тры гады і працуюць у вёсцы. Фіналістаў конкурсу сустракала Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская вобласць і горад Мінск (у 2010 годзе фінал праекта адбыўся на цэнтральнай пляцоўцы Камароўскага рынку). З 2020 года праект увайшоў у праграму свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").

Арганізатарамі рэспубліканскага фіналу, правядзенне мерапрыемстваў якога запланавана на 6-8 ліпеня, выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.-0-