Навіны

Цэнтр кампетэнцый кулінарнага мастацтва і хлебапячэння абласнога значэння мадэрнізавалі ў Гомелі

Абноўлены цэнтр базіруецца ў Гомельскім дзяржаўным каледжы кулінарыі. Мадэрнізаваныя лабараторыі адкрылі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, міністр адукацыі Андрэй Іванец, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, дырэктар каледжа Уладзіслаў Шапялевіч.

Удасканальваюць узровень майстэрства тут навучэнцы профільных устаноў адукацыі з усяго рэгіёна. Павысіць кваліфікацыю могуць і дзеючыя работнікі грамадскага харчавання. Цэнтр працуе з 2017 года, ён абсталяваны для падрыхтоўкі кухараў, пекараў і кандытараў. У развіццё ўкладзены вялікія душэўныя сілы і матэрыяльныя рэсурсы – толькі за апошнія гады на рамонт лабараторый выдзелена больш за мільён рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, сродкі самога каледжа. А ў мінулым годзе Міністэрства адукацыі ўклала яшчэ 400 тысяч, назваў лічбы губернатар:

– Гэта знакавая падзея не толькі для каледжа, але і для Гомельшчыны. Цэнтр не будзе стаяць на месцы і будзе мадэрнізавацца далей. Мы сёння рыхтуем маладых спецыялістаў, у якіх павінен быць высокі ўзровень майстэрства, яны павінны атрымліваць веды на самым сучасным абсталяванні і рэалізаваць сябе.

Каб будучыя кулінары змаглі вывучаць тэхналагічныя працэсы ад простых да інавацыйных, у лабараторыях стварылі апераджальныя ўмовы вытворчасці. Тут ёсць электра- і індукцыйныя пліты, унікальныя машыны для выпякання гатовых вырабаў, шафа шокавай замарозкі. У лабараторыях сочаць за стэрыльнасцю і чысцінёй, у кожнага навучэнца сваё працоўнае месца. Ёсць і памяшканне для прыгатавання аўтарскіх дэсертаў.

– Сімвалічна, што Год якасці мы пачынаем з адкрыцця цэнтра кампетэнцый у Гомелі. У краіне прынята новая праграма развіцця цэнтраў кампетэнцыі, яна прадугледжвае стопрацэнтны ахоп усіх навучэнцаў каледжаў падрыхтоўкай у такіх цэнтрах, а іх у рэспубліцы 52, – абазначыў задачы Андрэй Іванец. – Развіццё іх павінна быць няспынным. Удачы вам!

За апошні год праз цэнтр кампетэнцый прайшло больш за 500 чалавек. Многія выпускнікі каледжа становяцца пераможцамі і прызёрамі міжнародных конкурсаў кулінарнага майстэрства. Размяркоўваюцца па ўсёй краіне. А гэта значыць, што зараз у грамадскім харчаванні Беларусі будуць працаваць яшчэ больш кваліфікаваныя спецыялісты.