Навіны

У Гомелі мамам нованароджаных ўручылі вышыванкі

Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Гомельскім абласным радзільным доме віншаванні прымалі мамы шасцярых васьмярых хлопчыкаў і дзяўчынак. Ім у ходзе рэспубліканскай акцыі БРСМ «Падары нованароджанаму вышыванку» ўручылі дзіцячыя камбінезоны з беларускім арнаментам, паведамляе newsgomel.by.

Парадзіх віталі прама ля сцен радзільні. Чатырнаццаць крыху стомленых, але шчаслівых жанчын ненадоўга пакінулі сваіх драбкоў, каб прыняць кветкі, падарункі і кранальныя словы віншаванняў. Усе яны сталі мамамі ў Дзень моладзі, 28 чэрвеня, і цяпер ім гэтая дата асабліва запомніцца.

de8cfd508d10ebe75dda59ab6770b40d.jpg

– Ужо не першы год мы віншуем мам і малых, якія нарадзіліся напярэдадні Дня незалежнасці. Гэта – нашы маленькія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і мы ўпэўненыя, што гэтыя хлопцы стануць годнымі людзьмі і патрыётамі сваёй краіны, – кажа другі сакратар Гомельскага абласнога камітэта ГА БРСМ Юлія Ліпоўская.

У гэтым годзе да акцыі БРСМ далучыўся Беларускі фонд міру. Самым маленькім гомельцам і іх мамам старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў пажадаў моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і, вядома ж, яшчэ не раз вярнуцца ў гэтыя сцены.

52c24fa6a9e6e39b130f9a9d2916cf86.jpg

Зрэшты, маладая мама Кацярына Гаджыева тут не ўпершыню. У вялікай і дружнай сям'і падрастае шасцігадовая Лізавета і двухгадовы Алан. Трэцяга дзіцяці, дробцы Караліне, усяго пару дзён.

– Быць шматдзетнай мамай – гэта вялікая і прыемная адказнасць Мы чакалі і планавалі кожнага дзіцятка, будуць яшчэ... – усміхаецца Кацярына.

"Гомельскія ведамасці"