Навіны

У ЦВК пададзеныя дакументы на акрэдытацыю 149 назіральнікаў ад СНД на выбарах прэзідэнта

Завяршаецца фарміраванне місіі назіральнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Па дадзеных на 31 ліпеня, у ЦВК пададзеныя дакументы на акрэдытацыю 149 чалавек, паведамілі БЕЛТА ў штабе місіі.

Доўгатэрміновыя назіральнікі ад СНД пачалі маніторынг выбарчай кампаніі ў рэгіёнах 28 ліпеня. За гэты час прадстаўнікі місіі наведалі мінскую гарадскую, усе абласныя, а таксама шэраг раённых і ўчастковых выбарчых камісій. "Назіральнікі азнаёміліся з працай па ўдакладненні спісаў выбаршчыкаў і гатоўнасцю памяшканняў для галасавання. Эксперты адзначаюць, што ўсе камісіі забяспечаны інфармацыйнымі і метадычнымі матэрыяламі, заканадаўчымі актамі, інструкцыямі. На ўчастках для галасавання маюцца неабходныя сродкі абароны - антысептыкі, маскі, пальчаткі", - праінфармавалі ў штабе.

Акрамя таго, доўгатэрміновыя назіральнікі вядуць маніторынг агітацыйнай кампаніі - знаёмяцца з перадвыбарнымі праграмамі і выступамі кандыдатаў у СМІ, наяўнасцю іх агітацыйных друкаваных матэрыялаў у спецыяльна выдзеленых для гэтага месцах.

Для ўсебаковага вывучэння ходу выбарчай кампаніі штаб місіі арганізаваў узаемадзеянне з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, у кампетэнцыю якіх уваходзіць разгляд скаргаў, звязаных з парушэннямі выбарчага працэсу. У прыватнасці, адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам Вярхоўнага суда і МУС, плануецца - з генеральным пракурорам. Назіральнікі ад СНД сустрэліся таксама з некаторымі кандыдатамі або іх штабамі.

Місія назіральнікаў ад СНД і яе штаб пачалі сваю працу на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 24 ліпеня. Місію ўзначальвае старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. "Маніторынг выбараў вядзецца на прынцыпах палітычнай нейтральнасці, неўмяшання ў ход выбарчага працэсу і ва ўнутраныя справы дзяржавы", - падкрэслілі ў штабе.

Па інфармацыі ЦВК на 31 ліпеня, на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі акрэдытаваны 155 міжнародных назіральнікаў, у тым ліку 133 ад СНД і 22 прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

БЕЛТА