Навіны

Жыллёвыя пытанні, дадатковыя землі для фермера: Крупко правёў прыём грамадзян у Гомелі

4 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Жыллёвыя пытанні, магчымасць выдзялення дадатковых зямель для фермера абмяркоўваліся сёння на прыёме грамадзян, які правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З пытаннем аб арэндным жыллі звярнулася на прыём жыхарка Мазыра. Цяпер яна разам з двума непаўналетнімі дзецьмі жыве ў арэнднай кватэры, якую некалі атрымліваў былы муж - работнік МНС. У 2017 годзе мужчына пайшоў з сям'і. З 2019 года пара разведзена, і з гэтага часу жанчына аплачвае жыллё сама. З кастрычніка таго ж года стаіць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Як было адзначана, былы муж з арэнднай кватэры выпісаны, дагавор на яе скасаваў.

Заяўніца хацела б застацца ў гэтым жыллі, але законных падстаў няма. Іван Крупко адзначыў: як варыянт жанчына з дзецьмі на час можа пераехаць у інтэрнат і затым прэтэндаваць на іншае арэнднае жыллё, якое будзе выстаўляцца ў райцэнтры.

Кватэрнае пытанне хвалюе сям'ю са Жлобіна. Некалькі гадоў таму заяўнікі пачалі будаваць кватэру, аднак асабістыя акалічнасці змяніліся. І ў лютым 2017 года да моманту, як дом пабудавалі, сям'я скасавала дагавор з трэстам. "Грошы за кватэру былі ўнесены поўнасцю. Прадпрыемства абяцала вярнуць усю суму пасля рэалізацыі кватэры, аднак праз паўгода аб'явіла сябе банкрутам", - расказалі жлабінчане. Цяпер забудоўшчык на стадыі санацыі, і ўсе плацяжы ідуць строга па чэргах. Заяўнікі - у пятай. 

Як было адзначана: адным са шляхоў вырашэння сітуацыі можа стаць зварот у эканамічны суд. Іван Крупко даручыў службам дапамагчы падрыхтаваць заяўнікам іск у суд, паглядзець правільнасць юрыдычнага афармлення. Плюс неабходна правесці сход крэдытораў і абмеркаваць, ці магчыма змяніць чарговасць плацяжоў. 

З просьбай выдзеліць дадатковыя землі прыехаў на прыём фермер з Кастрычніцкага раёна. "Вырошчваю агародніну. Цяпер у нас 218 га. Побач ёсць землі, якія не выкарыстоўваюцца, - 2 участкі па 40 га. Хацеў бы разгледзець магчымасць іх выдзялення", - сказаў фермер. Паводле яго слоў, для работы на дадатковых плошчах ёсць і сілы, і тэхніка: трактары, грузавікі, бульбаўборачныя камбайны, сеялкі. Пад захоўванне агародніны абсталяваны два сховішчы на ​​2 тыс. т, устаноўлена ўпаковачная лінія. 

Старшыня аблвыканкама даручыў аператыўна вывучыць сітуацыю і прыняць рашэнне. 

Абмяркоўваліся на прыёме і іншыя пытанні. Па кожным губернатар даў канкрэтныя даручэнні.-0-