Вул.Савецкая, 19

Будынак размешчаны ў гістарычным цэнтры Гомеля, на рагу вуліц Савецкай і Сялянскай. Галоўны фасад выходзіць на вул. Савецкую. Жылы цагляны дом уяўляе сабой 4-павярховы Г-падобны ў плане аб’ём. Будынак выкананы ў гістарычным стылі, які выкарыстоўвае вольнае трактаванне класічных матываў. З дапамогай архітэктурнай пластыкі ствараецца эфект манументальнай пабудовы з больш цяжкімі бакавымі фасадамі.

Галоўны фасад будынка мае сіметрычную структуру. Па вертыкалі ён падзяляецца на тры часткі: цэнтральную і бакавыя. Гарызантальна фасад падзяляецца на 2 ярусы: першы ярус – першы паверх з руставанай сцяной, другі – з другога па чацвёрты паверхі – мае гладка атынкаваныя сцены і акрэслены гарызантальнай цягай. Пад вальмавым дахам знаходзіцца карніз з мадульёнамі.

Першы ярус цэнтральнай часткі фасада мае вітрынныя вокны. Спакойны рытм прамавугольных аконных праёмаў другога яруса ажыўляе стужкавая ліштва з замкавым каменем на 2-ім паверсе і вертыкальны акцэнт у выглядзе балконных выступаў з балюстрадай на 3-ім і 4-ым паверхах, якія на 3-ім паверсе дадаткова аздоблены арачнымі дзвярнымі праёмамі і лапаткамі. Фасад завяршаецца плітой-цягай.

Вертыкальны акцэнт бакавым аб’ёмам нададзены лапаткамі з рустам на 1-ым паверсе, што пераходзяць у пілястры на 2-ім і 3-ім паверхах, карынфскія капітэлі якіх утрымліваюць шырокі карніз. Арачныя вокны трэцяга паверха зрокава яднаюцца з вокнамі другога паверха. Завяршаюцца бакавыя фасады прамавугольнымі атыкамі. Левы бакавы аб’ём мае шырокі цокальны падмурак, над якім размешчаны тры глухія люнеты з замкавым каменем. Правы бакавы аб’ём увасоблены ў неглыбокім рызаліце і надзелены балконным выступам з балюстрадай па сярэдзіне другога яруса.

Дэкор тарцавых сцен паўтарае дэкор фасада, з тым адрозненнем, што тарцавая сцяна злева з’яўляецца глухой, а справа – мае дваравую арку.

Дом быў пабудаваны ў 1952 г. Гэта быў пасляваенны час, калі згодна з планам рэканструкцыі Гомеля, на шэрагу вуліц Цэнтральнага раёна, у тым ліку ў раёне паміж вул. Савецкай і р.Сож, да якога адносіцца і вул. Сялянская, прадугледжвалася капітальная шматпавярховая (3-4 паверхі) забудова. Улічваючы цяжкасці пасляваеннага часу, меркавалася, што сваёй чаргі адзначаныя тэрыторыі павінны будуць чакаць некалькі гадоў.

Жылы дом быў пабудаваны для працоўных гомельскай ТЭЦ. На момант пабудовы ён меў №27, аднак ужо ў 1952 г. яго замянілі на №19. Жылая забудова цэнтральнай вуліцы павінна была ўключаць гандлёвыя памяшканні, што было адзначана ў праекце будынка. Першы паверх быў спраектаваны для размяшчэння крамаў і прадпрыемстваў па аказанні паслуг насельніцтву.

У 2007 г. адбылася рэканструкцыя нежылых памяшканняў пад краму кулінарыі. Цяпер першы паверх займаюць кулінарыя, крамы і прыватныя фірмы, на астатніх паверхах знаходзяцца жылыя кватэры.


Вул. Савецкая. Жылы дом для супрацоўнікаў ТЭЦ. Здымак 1950-х гг.

Вуліца Савецкая. Будынак па вул. Савецкай, 19, крама «Зубраня». Фотаэцюд «Зубраня». 1992 г. Фатограф – Л.Б. Пінскі. 

На рагу вуліц Савецкай і Сялянскай. Будынак па вул. Савецкай, 19. Здымак  2012 г.