Вул.Савецкая, 6
Цагляны трохпавярховы будынак, у якім размешчаны ААТ “Стары ўнівермаг”, знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада Гомеля, на скрыжаванні вуліц Савецкай і Камунараў.
Галоўны фасад выходзіць на вул. Камунараў, мае сіметрычную пабудову. Візуальна ён падзяляецца на два ярусы: першы ярус – першыя два паверхі, другі ярус – трэці, меншы па памеры, паверх, аддзелены гарызантальнай цягай .
У архітэктурным аздабленні фасада прасочваецца ўплыў неапаладзіянскіх матываў:
1) ураўнаважаная восевая кампазіцыя: сіметрычнае размяшчэнне элементаў фасада, уваходнай групы;
2) буйны маштаб элементаў галоўных фасадаў;
3) рассячэнне фасадаў пілястрамі;
4) еднасць унутранай і знешняй прасторы (праз вітрынныя аконныя праёмы);
5) наяўнасць атыкавага паверха (у дадзеным выпадку ў яго ролі – трэці паверх).
Цэнтральную частку фасада займае ўваходная група ў выглядзе стылізацыі пад паладзіянскае акно (на другім паверсе – трохчастковы аконны праём, завяршэннем якога служыць скразны люнет на трэцім паверсе). Аздабленне аконных праёмаў дадае будынку грацыёзнасці. Вітрынныя вокны першага яруса па вертыкалі зрокава выглядяюць як “стужкавае” шкленне, упісанае ў сегменты арачнага праёма. Вертыкальны акцэнт падтрымліваюць лапаткі, што праходзяць праз увесь фасад. Гладкія на першым ярусе, на другім яны дэкарыраваны стужкай з медальёнаў, упрыгожаных раслінным арнаментам. Пад плоскім дахам знаходзіцца шырокі карніз з прамавугольнымі кранштэйнамі.
Фасад на вул. Савецкай паўтарае цэнтральны, за выключэннем уваходнай групы.
Капітальны будынак, што размяшчаўся на рагу вуліц у пачатку ХХ ст., захаваўся толькі на фотаздымках. У 1911 г. на яго месцы па праекце Станіслава Шабунеўскага была пабудавана гасцініца “Савой” на сродкі братоў Шановічаў. У дэкаратыўным афармленні фасадаў дамінавалі лінейна-графічныя прынцыпы дэкору. Мастацкі эфект дасягаўся за кошт простых лаканічных сродкаў.
Пасля рэвалюцыі тут размяшчаліся ў 1920-23 гг. на першым паверсе – Палац працы, у 1923 г. – гомельская кантора "Дабрафлота", пазней – Гомельскі выканкам. Гасцініца была зруйнавана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны на месцы гасцініцы знаходзіўся гарадскі сквер.
Універмаг быў пабудаваны на месцы гасцініцы “Савой” у 1959 г. па праекце Леаніда Жогаля. Праект універмага быў распрацаваны ў перыяд, калі гістарызм у архітэктуры быў вельмі распаўсюджаны. Дадзены стыль уяўляе сабой вольную інтэрпрэтацыю класічных матываў, што прыводзіць да змешвання стылёвых прыёмаў.
З 1959 г. будынак не мяняў свайго прызначэння.
Вул. Румянцаўская (зараз – Савецкая). Першы злева – прыбытковы дом, папярэднік гасцініцы “Савой”. Паштоўка пачатку ХХ ст.
Вул. Савецкая. Будынак гарвыканкама – былая гасцініца "Савой". Паштоўка 1930-х гг.
Вул. Савецкая. Будынак былога гарвыканкама. Здымак 1940-х гг.
На рагу вуліц Савецкай і Камунараў. Будынак універмага. Паштоўка 1961 г.