Вул.Жаркоўскага, 7/5

Істотныя змены ў сацыяльна-эканамічным стане Расійскай імперыі і тэхнічны прагрэс абумовілі карэнныя змены ў жылой забудове беларускіх гарадоў пачатку ХХ ст. Новыя кліенты архітэктараў – купцы і прамыслоўцы – звярталі ўвагу і на рэпрэзентатыўнасць будынкаў, і на іх практычнасць. Гэтым патрабаванням адпавядала эстэтыка эклектыкі з яе фасаднай дэкаратыўнасцю і аб’ёмна-планіровачнай мэтазгоднасцю.

Будынак на вуліцы Жаркоўскага, 7/5 з’яўляецца прыкладам эклектыкі. Дом цагляны, прамавугольны ў плане, з невысокім цокалем. Амаль увесь аб’ём на ўзроўні першага паверха аздоблены рустоўкай. Вокны на першым паверсе маюць форму трохцэнтравой аркі, вокны на другім – прамавугольніка.

Выразнасць галоўнаму фасаду надае парадная ўваходная група, аформленая рызалітам з атыкам. Рызаліт фланкіраваны лапаткамі з рустам, барочны франтон-трыліснік атыка апраўляе стужкавы карніз, які выступае працягам лапатак. Уваходная група сугучна аконным праёмам другога паверха і атыка (верхняя частка – арачная – скразная люнета, ніжняя – прамавугольная – дзвярны праём /стужкавае шкленне).

Левы кут цэнтральнага фасада дапоўнены эркерам у стылістыцы раманскай вежы з круглым акном. Фрагмент неатынкаванай сцяны пад ім імітуе каменны мур. Дваровы фасад фланкіраваны яшчэ двума эркерамі, але без шатровага даху.

Фрыз будынка аздоблены стужкай філёнак з кругавым узорам у цэнтры.

У квартале насупраць гарадскога бульвара размяшчаліся дамы гарадской эліты. На рагу вуліц Румянцаўскай і Аляксандраўскай (зараз – Камсамольскай) стаяў цагляны 3-павярховы дом С.Д. Шабунеўскага (тут на 2-м паверсе працавала прыватная мужчынская гімназія Ратнера). Побач – дом братоў Шановічаў з паштова-тэлеграфнай канторай. У доме злева ад тэлеграфа жыла сям’я Івіцкіх, далей – дом спадара Лейкіна. На рагу квартала знаходзіўся дом сям’і гімназіста Л.С. Выгоцкага, у будучым – знакамітага савецкага псіхолага. Квартал забудоўваўся ў пачатку XX ст. Верагодна, дом па Савецкай, 34 быў узведзены ў той жа час.

Маюцца звесткі, што пасля 1917 г. у будынку размяшчаўся афіцэрскі клуб, аддзяленне пошты і жылыя кватэры. Падчас Вялікай Айчынай вайны будынак, хутчэй за ўсё, быў значна пашкоджаны, як і ўся вул. Савецкая. Праца па аднаўленні горада актывізавалася пасля заканчэння вайны. Так, дом па вул. Савецкай, 32 (на месцы дома сям’і Выгоцкіх) быў пабудаваны ў 1947-49 гг., дом на па вул. Савецкай, 36 (на месцы дома С.Д. Шабунеўскага) – у 1953 г. Хутчэй за ўсё, у гэты час быў адноўлены і будынак па Жаркоўскага, 7/5 у якасці псіханеўралагічнага дыспансэра.

У 1963 г. свае дзверы адчыніў новы раддом па вул. Савецкай, 34. У 1980-90-х гг. у будынку па Жаркоўскага, 7/5 дзейнічала жаночая кансультацыя філіяла №10 Гомельскай гарадской паліклінікі. На 2019 г. будынак з’яўляецца адным з карпусоў Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.

    

Вул. Жаркоўскага, 7/5. Здымак 2011 г.